Францішак: мігранты – гэта не лічбы, а асобы
Форум быў арганізаваны ў рамках святкавання 25-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Мексікай. Францішак назваў гэту дату спрыяльнай нагодай, каб умацаваць і абнавіць сувязі супрацоўніцтва і разумення паміж бакамі, а таксама, каб “працягваць супольна працаваць на карысць патрабуючых і адчужаных грамадствам”.
Спасылаючыся на тэму канферэнцыі, Папа звярнуў увагу на патрэбу ў абноўленым поглядзе на мігрантаў. “Неабходна змена ментальнасці: трэба перайсці ад разумення іншага як пагрозы для нашага камфорту да павагі да яго, як да асобы, якая сваім жыццёвым досведам і каштоўнасцямі можа зрабіць вялікі ўнёсак на карысць нашага грамадства і паспрыяць яго багаццю. Таму фундаментальная пастава – гэта “выйсці насустрач іншаму, каб прыняць яго, пазнаць яго і прызнаць яго”, - адзначыў Пантыфік.
Улічваючы цяперашняяе глабальнае вымярэнне міграцыйнага феномена, а таксама няздольнасць шматлікіх дзяржаў належна адказаць на гэту гуманітарную катастрофу, Францішак заклікаў да “міжнароднага супрацоўніцтва на ўсіх этапах міграцыі”, каб даць “канкрэтны і годны” адказ на гэты выклік.
Пантыфік нагадаў пра фундаментальны элемент, які павінен ўлічвацца пры вырашэнні міграцыйнай праблемы: важна памятаць, што гаворка ідзе не “пра лічбы, але пра асобы, што маюць сваю гісторыю, культуру, пачуцці і памкненні”. “Гэтыя асобы, якія з’яўляюцца нашымі братамі і сёстрамі, маюць патрэбу ў пастаяннай абароне, незалежна ад іх міграцыйнага статуса”, - дадаў ён.
Асаблівую ўвагу Францішак звярнуў на праблему дзяцей-мігрантаў, іх сем’і, у прыватнасці на ахвяр гандлю людзьмі і жорсткіх канфліктаў. “Усе яны спадзяюцца на тое, што мы будзем мець адвагу, каб разбіць мур гэтага зручнага і маўклівага саўдзелу, які абцяжарвае іх сітуацыю пакінутасці, і што скіруем на іх нашу ўвагу, наша спачуванне і нашу ахвярнасць”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Калёквіум паміж Апостальскай Сталіцай і Мексікай на тэму міжнароднай міграцыі быў арганізаваны ватыканскім Дзяржсакратарыятам і пасольствам Мексікі пры Святым Пасадзе, у супрацоўніцтве з Папскай акадэміяй навук і Секцыяй па праблемах мігрантаў і бежанцаў Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.