Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік да вербістаў: прыклад братэрства – лепшая евангелізацыя

Выходзіць насустрач адчужаным асобам, каб адчувалі прысутнасць Бога, заклікаў Папа айцоў-вербістаў, якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Сустрэча адбылася 22 чэрвеня 2018 г. з нагоды Генеральнага капітула Таварыства Божага Слова, які праходзіў у ваколіцах Рыма. У ёй прынялі ўдзел каля 150 місіянераў. Францішак звярнуўся да іх з прамовай на іспанскай мове, заклікаючы памятаць пра карані сваёй супольнасці і ісці насустрач людзям, якія “растоптаны эгаістычнымі інтарэсамі” і “пакінутымі сам-насам са сваім лёсам”.

“Вы пакліканы споўніць дух евангельскіх благаслаўленняў праз учынкі міласэрнасці: слухаючы і адказваючы на крык тых, хто прагне хлеба і справядлівасці; несучы супакой і ўсеагульную падтрымку тым, хто шукае больш годнага жыцця; суцяшаючы і даючы падставы для надзеі многім сучаснікам у іх самоце і пакутах. Няхай гэта будзе компасам, які кіруе вашымі крокамі братоў-місіянераў”, - сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў законнікаў давяраць Богу. Важна не мець страху і закрытасці, не страваць перашкоды для дзеяння Святога Духа, але “без бояззі выходзіць, каб сведчыць аб радасці Евангелля, якая многіх робіць шчаслівымі”. Гэты давер штодня абнаўляецца праз малітву і ўдзел у сакрамэнтах, дадаў ён.

Іншае пажаданне Папы тычылася актыўнай евангелізацыйнай дзейнасці, для якой трэба выкарыстоўваць “усе магчымыя сродкі”. “Гора мне, калі не абвяшчаю Евангелле” – гэтыя словы св. Паўла павінны надалей палаць як агонь у сэрцы кожнага вербіста, падкрэсліў Францішак. Ён нагадаў, што заснавальнік гэтай манаскай супольнасці, святы Арнольд Янсэн, задумваў яе менавіта як супольнасць “місіянераў ad gentes” – місіянераў, якія лічаць сваёй місіяй усю зямлю.

Паводле Папы, лепшай евангелізацыяй будзе прыклад супольнасці, у якой святары, законнікі і свецкія вернікі адчуваюць сябе членамі адзінай сям’і, дзякуючы духу братэрства. Сучасны свет мае вялікую патрэбу ў тым, каб адчуваць гэту братэрскую любоў, нягледзячы на разнастайнасці і шматкультурнасць, якая з’яўляецца адным з найбольшых багаццяў, падкрэсліў Пантыфік.

Рэпартаж аб аўдыенцыі для місіянераў-вербістаў
Навіна ў фармаце аўдыё
22 чэрвеня 2018, 16:26