Пошук

Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Пантыфік: хрысціянскае жыццё – удзячны адказ добраму Богу

Хрысціянскае жыццё – гэта ўдзячны адказ чалавека велікадушнаму Богу, сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 27 чэрвеня 2018 г. прайшла ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны Божым запаведзям, Пантыфік звярнуў увагу на самыя першыя словы Дэкалога: “Я – Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі” (Зых 20,2). Гэты пачатак здаецца неўласцівым сапраўдным законам, якія ідуць потым, але гэта не так, сказаў ён.

“Чаму спачатку тут змешчана ўрачыстае абвяшчэнне, у якім Бог кажа пра сябе і вызваленне? Таму што прыходзім да гары Сінай пасля таго, як прайшлі праз Чырвонае мора: спачатку Бог Ізраэля збаўляе, а потым просіць аб даверы”, - падкрэсліў Святы Айцец..

“[Іншымі словамі, Дэкалог пачынаецца з велікадушнасці Бога. Бог ніколі не патрабуе, не даўшы перад гэтым. Спачатку збаўляе, спачатку дае, а потым просіць]”

- падкрэсліў ён.

Францішак заўважыў, што паміж Богам і Яго народам існуюць сыноўскія адносіны прыналежнасці. Яны вучаць заўсёды адштурхоўвацца ад удзячнасці Богу. “Хто пачынае з самога сябе, куды прыйдзе? Да самога сябе! Ён няздольны прайсці шлях. Вяртаецца да сябе. Гэта эгаістычная пазіцыя”, - перакананы Папа.

“Хрысціянскае жыццё – гэта, перш за ўсё, удзячны адказ велікадушнаму Айцу. Хрысціяне, якія выконваюць толькі “абавязкі”, прызнаюцца, што не маюць асабістага досведу таго Бога, які з’яўляецца “нашым”. Маўляў, я павінен рабіць тое, тое і тое... Толькі абавязкі. Але гэта значыць, што табе чагосьці не хапае”, - сцвердзіў Пантыфік. 

“[Фундаментам гэтага абавязку з’яўляецца любоў Бога Айца, які спачатку адарае, а потым загадвае. Ставіць закон перад адносінамі – гэта не дапамагае на шляху веры]”

- сцвердзіў Папа.

Францішак перакананы, што моладзь наўрад ці захоча быць хрысціянамі, калі адпраўной кропкай будуць толькі абавязкі, а не вызваленне.

“Быць хрысціянінам – гэта шлях вызвалення! Запаведзі вызваляюць цябе ад твайго эгаізму, бо ёсць Божая любоў, якая вядзе цябе наперад. Хрысціянская фармацыя не грунтуецца на сіле волі, але на прыняцці збаўлення, на тым, каб дазволіць любіць сябе: спачатку Чырвонае мора, а потым гара Сінай. Спачатку збаўленне: Бог збаўляе свой народ у Чырвоным моры, а потым, на Сінаі, кажа яму, што рабіць. Але народ ведае, што выконвае гэта, бо быў збаўлены Айцом, які яго любіць”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, удзячнасць – гэта адметная рыса сэрца, якое наведаў Святы Дух, а каб быць паслухмянымі Богу, перш за ўсё, трэба памятаць пра Яго дары. Ён заўважыў таксама, што вызваленчая дзейнасць Бога, пра якую гаворыцца напачатку Дэкалога, – гэта адказ на крык чалавека аб дапамозе.

“Мы не збаўляемся самі, але ад нас можа зыходзіць кліч аб дапамозе: “Пане, збаў мяне, Пане, навучы мяне шляху, Пане, прытулі мяне, Пане, дай мне крыху радасці”. Гэта заклік аб дапамозе. Вось, што мы павінны рабіць: прасіць аб вызваленні ад эгаізму, граху, путаў няволі. Гэты кліч з’яўляецца важным, з’яўляецца малітвай, усведамленнем таго, што яшчэ ёсць нешта прыгнечанае і невызваленае ў нас. У нашай душы ёсць мноства ўсяго, што не вызвалена. “Збаў мяне, дапамажы мне, вызвалі мяне” – гэта цудоўная малітва да Пана. Бог чакае гэтага закліку, бо можа і жадае разарваць нашыя кайданы”, - сказаў Папа.

“[Бог паклікаў нас да жыцця не для таго, каб мы заставаліся пад прыгнётам, але каб былі свабоднымі і жылі з удзячнасцю, з радасцю, будучы паслухмянымі Таму, Хто даў нам шмат, бясконца больш, чым можам даць Яму. Гэта цудоўна. Няхай Бог будзе заўсёды благаслаўлёны за ўсё тое, што зрабіў, робіць і зробіць для нас]”

- дадаў Пантыфік.

Напрыканцы аўдыенцыі Францішак нагадаў, што 29 чэрвеня ў Каталіцкім Касцёле будзе адзначацца ўрачыстасць святых Пятра і Паўла. Ён заклікаў вучыцца ад гэтых апосталаў мужна сведчыць аб Евангеллі Езуса, захоўваючы згоду і сяброўства, якія з’яўляюцца фундаментам пераканаўчасці кожнага прапаведвання веры.

Рэпартаж аб агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Навіна ў фармаце аўдыё
27 чэрвеня 2018, 12:26