Пошук

Аўдыенцыя для законніц з кангрэгацыі Аблатак Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі Аўдыенцыя для законніц з кангрэгацыі Аблатак Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі 

Пантыфік: людзі прагнуць Бога як штодзённага хлеба

Папа прыняў на аўдыенцыі законніц з кангрэгацыі Аблатак Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі з нагоды 400-годдзя з дня смерці заснавальніцы гэтай супольнасці, бл. Орсолы Бенінказы.

Святы Айцец высока ацаніў працу законніц у сферы адукацыі і выхавання новых пакаленняў, з увагай да іх узрастання ў веры, а таксама дапамогу пакутуючым. “Вы знаходзіце жыццё, даючы жыццё, знаходзіце надзею, даючы надзею, знаходзіце сэнс сваёй прысутнасці ў Касцёле і свеце, заўсёды любячы і жывучы згодна з логікай дару, логікай Евангелля”, - сказаў ён.

Папа нагадаў, што “сучасны свет мае патрэбу ў сведках духоўнасці, у асобах, якія б былі соллю зямлі і святлом свету”, закваскай для грамадства. Ён заклікаў законніц несці людзям духоўную ежу, “неабходную таксама, як матэрыяльны хлеб”.

“[Калі будзеце адкрытымі на дзеянне Духа Святога, Ён скіруе вас, каб крэатыўна адказаць на крык шматлікіх бедных і прагнучых Бога]”

- запэўніў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, свет патрабуе сведчання братэрскага жыцця ў супольнасці, але даць яго няпроста, бо заўсёды ўзнікае спакуса спрэчак і плётак. “Вельмі дрэнна разводзіць плёткі ў сям’і, але супраць гэтага ёсць сродак, вельмі добры лек, каб не пляткарыць: трэба прыкусіць язык”, - з іроніяй заўважыў Папа.

На заканчэнне прамовы Францішак пажадаў законніцам заўсёды памятаць пра запавет, пакінуты іх заснавальніцай: “Любіце адзін аднаго. Паважайце адзін аднаго. Няхай кожная з вас шукае дабра для іншай”.

“[Гэта цудоўны шлях да святасці. Такім чынам уцелаўляйце запавет любові там, дзе жывеце і працуеце: у школах, парафіях, шпіталях, у кожным месцы, куды жыццём і словам нясеце Евангелле Хрыста]”

- заклікаў ён.

Кангрэгацыя Аблатак Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Марыі была заснавана італьянскай законніцай Орсолай Бенінказай у 1583 г. На сённяшні дзень гэта манаская супольнасць дзейнічае ў Італіі, Іспаніі, Пуэрта-Рыка, Мексіцы, Беніне, Бразіліі і ЗША.

Рэпартаж з папскай аўдыенцыі
Навіна ў фармаце аўдыё
16 чэрвеня 2018, 15:23