Пошук

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Пантыфік: Касцёл патрабуе веры святых Пятра і Паўла

Шукаць сустрэчы з Езусам і адкрыцца на Яго таямніцу па прыкладзе святых Пятра і Паўла заклікаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 29 чэрвеня 2018 г. прайшла ў Ватыкане.

“Сёння Касцёл, які пілігрымуе ў Рыме і па ўсім свеце, звяртаецца да каранёў сваёй веры і аддае пашану апосталам Пятру і Паўлу, - падкрэсліў Святы Айцец. - Іх парэшткі, якія захоўваюцца ў дзвюх базыліках, ім прысвечаных, вельмі дарагія як жыхарам Рыма, так і шматлікім пілігрымам, якія прыязжаюць з розных частак свету, каб пакланіцца ім.

Я хацеў бы засяродзіцца на ўрыўку з Евангелля (Мц 16,13-19), які літургія прапануе нам у гэта свята. У ім апавядаецца пра здарэнне, якое мае фундаментальнае значэнне для нашага шляху да веры. Гаворка ідзе пра дыялог, у якім Езус задае вучням пытанне адносна Сваёй тоеснасці. Спачатку Ён пытаецца: “Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?” (Мц 16,13). А потым звяртаецца непасрэдна да іх: “А вы кім лічыце Мяне?” (Мц 16,15). Двума гэтымі пытаннямі Езус нібы кажа, што адна справа – прытрымлівацца агульнапрынятай думкі, а іншая – сустрэць Яго і адкрыцца на Яго таямніцу: там пазнаецца праўда. Агульнае меркаванне ўтрымлівае правільны, але толькі частковы адказ. Пётр, а з ім і Касцёл – учарашні, сённяшні і спрадвечны, – дзякуючы ласцы Божай, адказвае праўдзіва: “Ты – Хрыстус, Сын Бога Жывога” (Мц 16,16).

На працягу стагоддзяў свет акрэсліваў Езуса па-рознаму: вялікім прарокам справядлівасці і любові, мудрым настаўнікам жыцця, рэвалюцыянерам, летуценнікам Божых мар і гэтак далей. Шмат цудоўных уяўленняў... У блытаніне гэтых і іншых гіпотэз яшчэ і сёння вылучаецца простае і выразнае вызнанне Сымона Пятра, чалавека пакорнага і поўнага веры: “Ты – Хрыстус, Сын Бога Жывога” (Мц 16,16). Езус – гэта Сын Божы: таму Ён вечна жывы, як спрадвеку жывы Яго Айцец. Вось навіна, якую Божая ласка запальвае ў сэрцы таго, хто адкрываецца на таямніцу Езуса: упэўненасць – не матэматычная, але яшчэ больш моцная, унутраная – у тым, што ён сустрэў Крыніцу Жыцця, Жыцця, якое стала целам, бачным і датыкальным, сярод нас. Гэта досвед хрысціяніна, і гэта не яго заслуга, але Бога Айца, Сына і Духа Святога. Усё гэта ў зародкавай форме ўтрымліваецца ў адказе Пятра.

Але і адказ Езуса таксама напоўнены светам: “Ты – Пётр скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго” (Мц 16,18). Тут першы раз Езус прамаўляе слова “Касцёл”: і робіць гэта, выказваючы ўсю Сваю любоў да яго, акрэсліваючы яго “мой Касцёл”. Гэта новая супольнасць запавету Бога з чалавекам, ужо больш не заснаванага на патомстве і Законе, але на веры ў Яго, у Езуса, аблічча Бога. Гэта вера, якую благаслаўлёны папа Павел VI, яшчэ будучы арцыбіскупам Мілана, вызнаваў наступнай цудоўнай малітвай:

“О, Хрысце, наш адзіны пасярэнік, Ты нам патрэбны:
каб жыць у еднасці з Богам Айцом;
каб стаць праз Цябе, Адзінага Сына і нашага Пана,
Яго прыёмнымі дзецьмі;
каб быць адроджанымі ў Духу Святым” (Пастырскі ліст, 1955).

Праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы Апосталаў, няхай Пан дазволіць Касцёлу ў Рыме і ва ўсім свеце быць заўсёды верным Евангеллю, служэнню якому святыя Пётр і Павел прысвяцілі сваё жыццё”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра рымлян і пілігрымаў з розных частак свету і ўдзяліў сваё Апостальскае благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 чэрвеня 2018, 14:15