Пошук

Дэлегацыя Канстантынопальскага Патрыярхату на аўдыенцыі ў Папы Дэлегацыя Канстантынопальскага Патрыярхату на аўдыенцыі ў Папы 

Папа прыняў дэлегацыю Канстантынопальскага Патрыярхату

Папа прыняў афіцыйную дэлегацыю Канстантынопальскага Патрыярхату, якая прыбыла ў Рым з нагоды ўрачыстасці апосталаў Пятра і Паўла.

“Ваша прысутнасць з нагоды цэлебрацый у гонар галоўных апекуноў Рымскага Касцёла – гэта знак узрастаючага адзінства, якое злучае Каталіцкі Касцёл і Экуменічны Патрыярхат”, - сказаў Папа падчас аўдыенцыі, якая 28 чэрвеня 2018 г. прайшла ў ватыканскім Апостальскім палацы.

Праваслаўная дэлегацыя прыбыла пад кіраўніцтвам архіепіскапа Ёва, сустаршыні Камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. У рамках трохдзённага візіту ў Рым яна наведае Папскую раду спрыяння хрысціянскаму адзінству, прыме ўдзел у кансісторыі, падчас якога Папа ўзвядзе ў кардынальскую годнасць некалькіх іерархаў, а таксама будзе прысутнічаць на св. Імшы, якую Францішак узначаліць з нагоды ўрачыстасці святых Пятра і Паўла.

“[Памятаць пра апосталаў, іх вучэнне і сведчанне азначае памятаць пра супольныя карані, на якіх пабудаваны нашы Цэрквы-сёстры, але таксама ўсведамляць супольную місію служэння Евангеллю, каб ствараць новае чалавецтва, скіраванае да Бога]”

- сцвердзіў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што ў многіх грамадствах, якія традыцыйна называюць сябе хрысціянскімі, побач з яскравымі прыкладамі вернасці Пану Езусу Хрысту, назіраецца прагрэсіруючае занядбанне хрысціянскай веры, якая больш не ўплывае на выбары асобных людзей і публічныя рашэнні.

“Пагарда годнасцю чалавечай асобы, пакланенне грошам, пашырэнне насілля, абсалютызацыя навукі і тэхнікі, неабачлівая эксплуатацыя прыродных рэсурсаў – гэта толькі некаторыя цяжкія знакі трагічнай рэальнасці, перад якой мы не павінны апускаць рукі”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што цалкам падзяляе словы Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея, прамоўленыя падчас яго нядаўняга візіту ў Рым з нагоды Міжнароднай канферэнцыі “Новая палітыка і лады жыцця ў лічбавую эпоху”:

“Адмовімся ад цынічнага выразу: “Няма альтэрнатывы” (...). Непрымальна, каб формы альтэрнатыўнага развіцця і сіла сацыяльнай салідарнасці і справядлівасці ігнараваліся і падвяргаліся паклёпу. Нашы Цэрквы могуць ствараць новыя магчымасці ператварэнняў для нашага свету. Сапраўды, сама Царква – гэта падзея ператварэння, дзялення, любові і адкрытасці (...). У нашых Цэрквах мы адчуваем благаслаўлёную ўпэўненасць, што будучыня належыць не таму, каб “мець”, але, каб “быць”, не “pleonexia”, але “дзяленню”, не індывідуалізму і эгаізму, але адзінству і салідарнасці: будучыня не належыць падзелам, але любові”, - працытаваў Экуменічнага Патрыярха Пантыфік.

Францішак з радасцю падкрэсліў, што гэта “канвергенцыя поглядаў” з праваслаўным прадстаяцелем выяўляецца ў канкрэтнай сумеснай каталіцка-праваслаўнай працы.

“Таксама падчас гэтых апошніх месяцаў Экуменічны Патрыярхат і Каталіцкі Касцёл супрацоўнічалі ў рамках ініцыятыў, якія тычацца тэмаў вялікай важнасці, такіх як барацьба супраць сучасных форм рабства, абарона стварэння, пошук міру. У сувязі з гэтым, я вельмі ўдзячны Яго Святасці Барталамею за тое, што ён прыняў маё запрашэнне сустрэцца 7 ліпеня ў Бары, разам з прадстаяцелямі Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцяў Блізкага Усходу, каб маліцца і разважаць над трагічнай сітуацыяй, якая прыгнятае многіх братоў і сясцёр з гэтага рэгіёну”, - сказаў Папа.

Пантыфік выказаў пажаданне, каб для католікаў і праваслаўных на ўсіх узроўнях павялічваліся магчымасці для сумеснай працы, малітвы і абвяшчэння адзінага Евангелля Езуса Хрыста, “якое атрымалі дзякуючы апостальскаму прапаведванню, каб на гэтым сумесным шляху ўсё мацней адчуваць адзінства, якое, дзякуючы Божай ласцы”, ужо яднае дзве Царквы.

Дэлегацыя Канстантынопальскага Патрыярхату штогод, пачынаючы з сярэдзіны 1960-х гадоў, прыязджае ў Ватыкан на ўрачыстасць апосталаў Пятра і Паўла. Дэлегацыя ж Апостальскай Сталіцы кожны год ездзіць у Стамбул 30 лістапада, на свята св. Андрэя Апостала.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 чэрвеня 2018, 11:36