Пошук

Папа Францішак падчас Эўхарыстыі ў Осціі Папа Францішак падчас Эўхарыстыі ў Осціі 

Папа ў Осціі: жыць не для сябе, але адзін для аднаго

З нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая ў многіх краінах свету адзначалася 3 чэрвеня 2018 г., Францішак здзейсніў візіт у Осцію, дзе ўзначаліў св. Імшу і эўхарыстычную працэсію.

У гаміліі Папа спаслаўся на літургічнае евангельскае чытанне (Мк 14,12-16.22-26), у якім Езус просіць вучняў падрыхтаваць усё для Апошняй Вячэры. Насамрэч усё ўжо было падрыхтавана, але для Хрыста важна, каб мы таксама прымалі ўдзел у падрыхтоўцы, заўважыў ён.

Езус рыхтуе для нас месца і пасілак. Месца – гэта нешта больш годнае, чым вялікі абсталяваны пакой, аб якім кажа Евангелле. Гаворка ідзе пра “Касцёл, у якім ёсць і павінна быць месца для ўсіх”, а таксама пра месца, якое знаходзіцца ў Небе, дзе зможам прабываць разам з Богам вечна. Паводле Францішка, яго для нас падрыхтоўвае Эўхарыстыя, якая з’яўляецца нашым пасілкам.

“[У жыцці мы пастаянна маем патрэбу ў тым, каб сілкавацца, але не толькі ежай, а таксама праектамі і пачуццямі, жаданнямі і надзеямі. Мы прагнем таго, каб нас любілі. Але самых вытанчаных кампліментаў, самых цудоўных падарункаў і самых сучасных тэхналогій не дастаткова. Яны ніколі не заспакояць наш голад,]”

- падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што Эўхарыстыя з’яўляецца адзіным пасілкам, які насычае. “У ёй мы па-сапраўднаму сустракаем Езуса, бярэм удзел у Яго жыцці, адчуваем Яго любоў. У ёй можаш адчуць, што Яго смерць і ўваскрасенне – для цябе. І калі ўшаноўваеш Езуса ў Эўхарыстыі, атрымліваеш ад Яго Святога Духа, знаходзіш спакой і радасць”, - адзначыў Папа.

“[Дарагія браты і сёстры, зробім выбар на карысць гэтага пасілку жыцця: паставім на першае месца св. Імшу, адкрыем нанова адарацыю ў нашых супольнасцях! Будзем прасіць аб ласцы, каб былі згаладаныя па Богу, каб ніколі не заспакойваліся атрыманнем таго, што Ён падрыхтоўвае для нас,]”

- зазначыў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў ісці разам з Езусам у тыя месцы, якіх да дасягае любоў, якіх не дакранаецца надзея. “Мы ўсе ведаем людзей самотных, пакутуючых, патрабуючых: яны з’яўляюцца пакінутымі табернакулюмамі. Мы, якія атрымліваем ад Езуса пасілак і дом, знаходзімся тут, каб падрыхтаваць месца і пасілак для гэтых самых слабых братоў”, - сказаў Папа.

“[Ён стаў паламаным хлебам для нас. Ён просіць, каб мы дарылі Яго іншым, каб не жылі больш для саміх сябе, але адзін для аднаго. Так можна жыць эўхарыстычна: выліваючы ў свет любоў, якую чэрпаем з Цела Пана,]”

- падкрэсліў Францішак.

Па словах Папы, Езус прагне, каб былі разбураны муры абыякавасці і кругавой парукі, знішчаны кайданы злоўжыванняў і самаўпраўства, адкрыты шляхі справядлівасці, добрых звычаяў і павагі да закону.

Пасля св. Імшы, якая прайшла ля касцёла св. Монікі ў Осціі, адбылася эўхарыстычная працэсія вуліцамі гэтага прыморскага горада, у якой прынялі ўдзел каля 10 тыс. чалавек. Яна завяршылася ля касцёла Маці Божай Банарскай, дзе Францішак удзяліў усім сабраным благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Осція, якая на працягу некалькі апошніх гадоў часта ўзгадваецца ў італьянскіх СМІ ў сувязі з разгулам злачыннасці і сацыяльнай дэградацыяй, прымала Святога Айца праз 50-гадоў пасля візіту сюды Паўла VI, які таксама здзяйсняў свой візіт з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.

Францішак узначаліў Эўхарыстыю ў Осціі
Навіна ў фармаце аўдыё
04 чэрвеня 2018, 11:51