Прызначаны новы рэктар Папскага латэранскага ўніверсітэта
Вінчэнца Буонома з’яўляецца першым свецкім вернікам на такой высокай пасадзе ў Папскім латэранскім універсітэце. Ён прыступіць да выканання сваіх новых абавязкаў 1 ліпеня 2018 г., змяніўшы на пасадзе рэктара біскупа Энрыка даль Ковала, спецыяліста ў тэалогіі і старажытнай хрысціянскай літаратуры, які кіраваў Папскім латэранскім універсітэтам на працягу двух тэрмінаў з 2010 г.
57-гадовы Вінчэнца Буонома нарадзіўся ў горадзе Гаэта, у цэнтальнай Італіі. Ён з’яўляецца выпускніком Папскага латэранскага ўніверсітэта, дзе абараніў ступень доктара навук у галіне міжнароднага права і дыпламатычных адносін.
Выкладчыцкую кар’еру распачаў у 1984 г. на факультэце грамадзянскага права узгаданай навучальнай установы. З 2001 г. з’яўляецца яго штатным выкладчыкам. З 1983 г. супрацоўнічаў з прадстаўніцтвам Апостальскай Сталіцы пры Харчовай і сельскагаспадарскай арганізацыі ААН, а ў 2007 г. стаў кіраўніком гэтай ватыканскай місіі. У 2014 г. Францішак прызначыў прафесара Вінчэнца Буонома на пасаду дарадчыка Дзяржавы Ватыкан.
Папскі латэранскі ўніверсітэт – адзін з папскіх універсітэтаў у Рыме. Ён быў заснаваны ў 1773 г. На сённяшні дзень тут дзейнічае чатыры факультэты: тэалагічны, філасофскі, кананічнага права і грамадзянскага права. Універсітэт мае адзяленні ў больш чым 50 краінах свету. У ім навучаецца каля 2500 студэнтаў з больш чым 120 краін.