Пошук

Папа Францішак у канфесіянале падчас споведзі Папа Францішак у канфесіянале падчас споведзі 

Святы Айцец пра споведзь: сорам – гэта дар

Папа напісаў прадмову да шостага выдання кнігі “Хто моліцца, будзе збаўлены”, якая ўяўляе сабой збор самых простых малітваў хрысціянскай традыцыі.

Малітоўнік, аўтарам якога з’яўляецца італьянскі святар Джакама Тантардзіні, быў упершыню апублікаваны ў 2001 г. Выданне 2005 г. пачыналася прадмовай кардынала Ёзэфа Ратцынгера.

Францішак дае практычныя парады адносна сакрамэнту пакаяння і нагадвае, што добрая споведзь вядзе да святасці. “Хто добра спавядаецца, становіцца святым”, - напісаў Пантыфік, спасылаючыся на выказванне самога аўтара легендарнага малітоўніка, свайго сябра, які памёр шэсць гадоў таму.

“[Вызнаючы грахі, мы павінны быць канкрэтнымі, і тым не менш стрыманымі, не саромеючыся ў той жа час свайго ўласнага сораму. Пану дастаткова невялікіх прыкмет пакаяння, Ён сам закрывае нам вусны, жадаючы не мучыць нашу душу, але абняць яе]”

- напісаў Францішак.

“Сорам - піша Папа - гэта дар, які вядзе нас да просьбы аб прабачэнні”. Пантыфік падкрэслівае, аднак, што зыходным пунктам тут павінен быць добры рахунак сумлення і пакаянне.

Спасылаючыся на вядомую малітву св. Амброзія, Пантыфік дадаў у канцы: “Езус прыйшоў збавіць нас такімі, якія мы ёсць: няшчасных грэшнікаў, што просяць, каб іх шукаў, знайшоў, узяў на плечы і сам нёс”.

Святы Айцец нагадаў, што кс. Тантардзіні быў цесна звязаны з іншым італьянскім святаром Луіджы Джусані, заснавальнікам руху “Comunione e Liberazione”, і склаў малітоўнік па просьбе маладых людзей, якія навярталіся ў хрысціянства. Ён быў перакладзены на многія мовы і апублікаваны ў сотнях тысяч асобнікаў. Яго свабодныя копіі накіроўваюцца ў місійныя краіны.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 чэрвеня 2018, 14:13