Святы Айцец: прыгажосць набліжае да Бога
Францішак падзякаваў артыстам за тое, што “паказалі, наколькі прыгажосць добра ўздзейнічае на душу і цела”. “Яна ўзнікае дзякуючы цяжкой працы, дзякуючы гадзінам трэніровак”, - заўважыў Папа і дадаў, што ўсё гэта мае вялікую вартасць, бо “любая прыгажосць набліжае нас да Бога”.
Італьянскі цыркавы калектыў “Роні Ролер” ужо не ўпершыню выступае на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Акрамя таго, па ініцыятыве Апостальскай элемазінарыі, у студзені 2016 г. ён правёў дабрачыннае выступленне для двухтысячнай групы бежанцаў, бяздомных і зняволеных.
Сустракаючыся з работнікамі цыркаў, Францішак неаднаразова падкрэсліваў, што свет мае вялікую патрэбу ў прыгажосці, а для бедных і патрабуючых яркія і захапляючыя выступленні становяцца падтрымкай у змаганні з жорсткасцю і цяжкасцямі жыцця.