Пошук

MED-GAMES-ESP-TARRAGONA-SWIMMING MED-GAMES-ESP-TARRAGONA-SWIMMING 

Святы Айцец: спорт – школа жыцця

Францішак нагадаў, што спорт з’яўляецца сапраўднай школай жыцця, а самі спартсмены – прыкладам для моладзі.

28 чэрвеня 2018 г. Пантыфік прыняў на аўдыенцыі каля 300 членаў Італьянскай федэрацыі плавання і ўдзельнікаў 55-х Міжнародных спаборніцтваў па плаванні за Трафей “Sette Colli”, якія пройдуць у Рыме з 29 чэрвеня па 1 ліпеня 2018 г., за месяц да пачатку Чэмпіянату Еўропы па гэтым відзе спорту.

У прамове Францішак падкрэсліў, што спаборніцтвы – гэта нагода для таго, каб прадэманстраваць не толькі свае рэзультаты, але таксама спартыўную дысцыплінаванасць, здаровы баявы дух і камандную гульню, паказаць, якіх вынікаў можна дасягнуць, дзякуючы цяжкім трэніроўкам, высілкам і нават ахвярам. Усё гэта, на думку Папы, з’яўляецца “ўрокам жыцця", асабліва для равеснікаў.

“[Плаванне, як любы іншы від спорту, калі практыкуецца сумленна, становіцца магчымасцю для фарміравання чалавечых і сацыяльных каштоўнасцей, каб разам з целам загартоўваць характар і волю, каб вучыцца пазнаваць і прымаць адзін аднаго,]”

– заўважыў Пантыфік.

Папа адзначыў каштоўнасць камандных відаў спорту, дзе вялікае значэнне маюць супрацоўніцтва і ўзаемадапамога. Гаворачы пра сінхроннае плаванне, ён запэўніў у малітве аб вечным супакоі для італьянскай спартсменкі Наомі Кароцу, якая некалькі тыдняў таму загінула ў дарожным здарэнні.

Пантыфік падкрэсліў, што мова спорту – паўсюдная і здольная з лёгкасцю прамаўляць да новых пакаленняў. У сувязі з гэтым ён заклікаў кіраўніцтва Італьянскай федэрацыі плавання і саміх спартсменаў “праз сваю дзейнасць распаўсюджваць добрае пасланне, робячы тым самым унёсак у паляпшэнне грамадства, у якім жывём”.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 чэрвеня 2018, 14:28