Пошук

Пантыфік падчас сустрэчы з вернікамі на малітве "Анёл Панскі" Пантыфік падчас сустрэчы з вернікамі на малітве "Анёл Панскі" 

Папа перад “Анёл Панскі” аб адказным стаўленні да ежы

Не заставацца абыякавымі да любых відаў “голаду”, заклікаў Францішак вернікаў 29 ліпеня 2018 г. у сваіх разважаннях перад нядзельнай малітвай “Анёл Панскі”. Ён папрасіў, не марнаваць прадуктаў харчавання.

“Сённяшняе Евангелле (Ян 6,1-15) апісвае размнажэнне хлябоў і рыбы, - нагадаў Папа. - Бачачы велізарны натоўп, які рушыў услед за Ім ля Тэберыядскага мора, Езус звярнуўся да апостала Філіпа і спытаў: “Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх?” (Ян 6, 5). Паколькі той малой колькасці грошай, што мелі Езус і апосталы не было дастаткова, каб накарміць натоўп. І вось Андрэй, адзін з дванаццаці, прывёў да Езуса хлопца, які даў у распараджэнне ўсё, што ў яго было: пяць хлябоў і дзве рыбы. Але, як кажа Андрэй, гэта, вядома, нішто для настолькі вялікага натоўпу (Ян 6, 9). Гэты хлопец смелы і адважны. Ён таксама бачыў натоўп, убачыў пяць хлябоў: калі яны спатрэбяцца – я гатовы. Гэты хлопец прымушае нас задумацца. Мужнасць. Такімі з’яўляюцца маладыя людзі: у іх ёсць мужнасць. Мы павінны дапамагчы ім развіць у сабе мужнасць. І Езус сказаў вучням загадаць людзям сесці, а затым, узяўшы хлябы і рыбу, падзякаваўшы Айцу, раздаў іх (Ян 6, 11), і ўсе яны насыціліся. Усе елі столькі, колькі хацелі.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

У гэтым фрагменце Евангелля літургія схіляе нас да таго, каб мы не адварочвалі позірку ад Езуса, Які ў мінулую нядзелю ў Евангеллі св. Марка, калі ўбачыў “мноства людзей, злітаваўся над імі” (Мк 6, 34). Таксама і хлопец, які меў пяць хлябоў, зразумеў гэту літасць і сказаў: людзі галодныя – у мяне ёсць вось гэта. Літасць паспрыяла таму, што ахвяраваў тое, што меў. Сёння Ян рэальна паказвае нам у чарговы раз Езуса адчувальнага да асноўных патрэб людзей. Гэта падзея адбываецца на фоне канкрэтнага факту: людзі галодныя, а Езус загадвае сваім вучням заспакоіць іх голад. Гэта канкрэтны факт. Езус не абмяжоўваўся тым, каб даваць натоўпу выключна гэта – Ён дае сваё слова, сваё суцяшэнне, збаўленне, а ў канцы – сваё жыццё – але, вядома, рабіў таксама і гэта: клапаціўся пра ежу для цела.

І мы, яго вучні, не можам рабіць выгляд, што нічога не адбылося. Толькі адчуваючы самыя фундаментальныя запыты людзей, стоячы побач у іх канкрэтных экзістэнцыяльных сітуацыях, можна быць пачутым, калі кажаш пра вышэйшыя каштоўнасці.

“[Божая любоў да чалавецтва, галоднага хлеба, свабоды, справядлівасці, міру, і перш за ўсё Божай ласкі, ніколі не знікне.]”

Езус і сёння па-ранейшаму заспакойвае голад, па-ранейшаму застаецца жывой і збаўчай прысутнасцю, і робіць гэта праз нас. Таму Евангелле заклікае нас быць адкрытымі і дзейнічаць па прыкладу хлопца, які ведае, што мае пяць хлябоў і кажа: я даю гэта – а пазней убачым. Перад абліччам крыку голаду – усіх відаў “голаду” – шматлікіх братоў і сясцёр у кожным кутку свету, мы не можам заставацца абыякавымі і спакойнымі гледачамі. Пропаведзь Хрыста, якая з’яўляецца хлебам вечнага жыцця, патрабуе шчодрай салідарнай прыхільнасці бедным, слабым, апошнім, бездапаможным.

“[Гэтыя чыны блізкасці і любові з’яўляюцца лепшай праверкай якасці нашай веры, як на асабістым, так і на супольнасным узроўнях.]”

У канцы, калі ўсе насыціліся, Езус сказаў вучням сабраць кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася. Я хацеў бы прапанаваць вам паразважаць над гэтым загадам Езуса: “Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася” (Мк 6,12). Я думаю пра людзей, якія галадаюць і пра тое, што мы выкідваем шмат рэшткаў ежы. Няхай кожны з нас падумае: што адбываецца з ежай, якая застаецца пасля абеду ці вячэры? Што ў маім доме робіцца з рэшткамі ежы? Можа іх выкідваюць? Калі ў цябе ёсць такая звычка, я дам параду: пагавары з бабуляй і дзядулем, якія жылі ў пасляваенны перыяд, і спытай іх, што яны рабілі з рэшткамі ежы. Ніколі не выкідвайце ежу, якая засталася. Або выкарыстоўвайце яе ізноў, або давайце іншым людзям, якія могуць яе выкарыстаць, тым, хто ў ёй мае патрэбу. Ніколі не выкідвайце ежу, якая засталася. Гэта парада, але і рахунак сумлення: што робіцца ў маім доме з рэшткамі ежы?

Будзем прасіць Дзеву Марыю, каб у свеце дамінавалі праграмы, прысвечаныя развіццю, харчаванню, салідарнасці, а не нянавісці, узбройванню і вайне”, - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне сваёй сустрэчы Францішак пажадаў рымлянам і пілігрымам добрай нядзелі і папрасіў іх аб малітве за яго служэнне.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 ліпеня 2018, 14:57