Папа будзе маліцца разам з італьянскай моладдзю
У рамках ініцыятывы на працягу ночы асобныя касцёлы Рыма застаюцца адкрытымі, што дае магчымасць для прыватнай і супольнай малітвы, для споведзі і чування, для тэматычных сустрэч і сведчанняў.
“Белая ноч” завяршыцца на наступны дзень ранішняй св. Імшой на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.
Малітва ў цэнтры Вечнага Горада ўвянчае 8-дзённую Італьянскую агульнанацыянальную пілігрымку моладзі “Тысячамі шляхоў”, якая стане чарговай ініцыятывай мясцовага епіскапату ў рамках падрыхтоўкі да Сінода Біскупаў на тэму моладзі.
Кожны ўдзельнік духоўнага падарожжа атрымае адмысловы набор пілігрыма, які будзе ўтрымліваць невялікі крыж, ружанец, нататнік, брашуру “Настаўнік, дзе жывеш” з урыўкам з Евангелля паводле св. Яна і раней нідзе не публікаваным творам італьянскага пісьменніка Эры дэ Лука, а таксама невялікае ільняное палатно з выявамі сімвалаў пілігрымкі. Асобныя дыяцэзіі падрыхтуюць своеасаблівыя “даверчыя граматы” – паперы, на якіх пячаткамі будзе адзначацца кожны этап падарожжа.