Пошук

Грэцыя, ахопленая пажарамі Грэцыя, ахопленая пажарамі 

Папа спачувае ахвярам стыхійных бедстваў у Грэцыі і Лаосе

Папа Францішак выказаў спачуванні сем’ям ахвяр лясных пажараў у Грэцыі і паводкі ў Лаосе.

Святы Айцец выказвае шчырую салідарнасць з усімі, каго закранулі гэтыя прыродныя катастрофы, гаворыцца ў тэлеграмах за подпісам Дзяржсакратара Яго Святасці кардынала Пьетра Параліна, якія 24 ліпеня 2018 г. распаўсюдзіла Зала Друку Святога Пасаду.

Пантыфік запэўніў у сваёй малітве аб вечным супакоі для памерлых, аб хутчэйшым выздараўленні для пацярпелых і суцяшэнні для ўсіх, хто ў выніку гэтых стыхійных бедстваў страціў родных і блізкіх людзей. Ён заклікаў грамадзянскія ўлады Грэцыі і Лаоса і асоб, якія ўдзельнічаюць у пошукава-выратавальных аперацыях, аказваць усю неабходную дапамогу і падтрымку ахвярам стыхій.

23 ліпеня 2018 г. у Аціке, сталічнай вобласці Грэцыі, быў аб’яўлены рэжым надзвычайнага становішча з-за лясных пажараў, якія ўзніклі ў прыгарадах Афін па прычыне вельмі спякотнага надвор’я. Паводле апошніх дадзеных, колькасць памерлых у выніку прыроднай катастрофы ўжо дасягнула 60 чалавек, колькасць пацярпелых набліжаецца да 200 чалавек. Паведамляецца, што сярод ахвяр стыхіі шмат дзяцей, бо ў зоне, ахопленай агнём, знаходзіліся два дзіцячыя летнія лагеры.

Улады Грэцыі арганізавалі эвакуацыю жыхароў з эпіцэнтраў пажараў і накіравалі ўсе наяўныя сродкі на барацьбу з стыхіяй, і, тым не менш, прызналі, што сітуацыя выйшла з-пад кантролю, і ўжо звярнуліся да краін Еўрасаюза па дапамогу.

У той час, у Лаосе сотні людзей прапалі без вестак, больш за 6,5 тыс. чалавек засталіся без жылля ў выніку прарыва дамбы на паўднёвым усходзе краіны. Аварыя, прычына якой яшчэ не ўстаноўлена, адбылася вечарам 23 ліпеня 2018 г. Моцны водны паток змыў некалькі вёсак і разбурыў тысячы жылых дамоў. Ёсць загінулыя, аднак дакладныя лічбы пакуль не паведамляюцца. У краіне вядзецца маштабная выратавальная аперацыя. Улады запэўнілі, што ўсім пацярпелым будзе аказана неабходная дапамога.

24 ліпеня 2018, 16:38