Пошук

Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі  

Папа падчас “Анёл Панскі”: служыць Богу душой і целам

15 жніўня 2018 г., ва ўрачыстасць Унебаўзяцця, Папа традыцыйна сустрэўся з вернікамі, каб разам памаліцца “Анёл Панскі”. Бог хоча збавіць чалавека – яго душу і цела, сказаў Францішак у сваёй медытацыі.

Прапануем поўны тэкст разважання Папы.

“У сённяшнюю ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі святы верны народ Божы з радасцю выказвае сваю адданасць Багародзіцы, - адзначыў Папа. - Ён робіць гэта ў супольнай літургіі, а таксама праз тысячы розных форм пабожнасці. Такім чынам рэалізуецца прароцтва самой Марыі: “Благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні” (Лк 1, 48). Бо Пан узвысіў сваю пакорную слугу. Унебаўзяцце з душой і целам, гэта прывілей для Найсвяцейшай Багародзіцы па прычыне Яе асаблівага яднання з Езусам. Гаворка ідзе пра яднанне цялеснае і духоўнае, ініцыяванае Звеставаннем, якое фарміравалася на працягу ўсяго жыцця Марыі, дзякуючы ўнікальнаму ўдзелу ў таямніцы Сына.

“[Марыя заўсёды была з Езусам, ішла за Езусам, і таму мы кажам, што была першай вучаніцай.]”

На першы погляд, жыццё Маці Божай ішло на ўзор звычайнай жанчыны свайго часу: яна малілася, займалася сям’ёй і домам, хадзіла ў сінагогу... Але ўся паўсядзённая дзейнасць заўсёды ажыццяўлялася ёю ў поўным адзінстве з Езусам. І на Галгофе гэтае яднанне дасягнула свайго піку, у любові, спачуванні і пакутах сэрца.

Вось чаму Бог даў ёй поўны ўдзел і ва ўваскрэсенні Езуса. Цела Найсвяцейшай Багародзіцы было захавана ад тлення, гэтак жа, як цела Сына. Аб гэтым кажа прэфацыя сённяшняй св. Імшы: “Бо па Тваёй волі была захаваная нятленнай Панна, ад якой цудоўным чынам прыняў цела і нарадзіўся Твой Сын, Даўца ўсялякага жыцця”.

Касцёл запрашае нас сёння да разважання над гэтай таямніцай: яна паказвае нам, што Бог хоча збавіць усяго чалавека, душу і цела. Езус уваскрос з целам, якое ён прыняў ад Марыі, і ўзышоў да Айца з сваім перамененым чалавецтвам. Унебаўзяцце Марыі, чалавечай істоты, з’яўляецца пацвярджэннем нашага прызначэння да хвалы. Ужо грэчаскія філосафы зразумелі, што чалавечая душа пасля смерці прызначана да шчасця. Тым не менш, яны пагарджалі целам, якое лічылася турмой для душы, і не разумелі, што Бог прадвызначыў злучэнне чалавечага цела з душой у нябесным благаслаўленні.

“[Гэта – “уваскрашэнне цела” – з’яўляецца часткай хрысціянскага аб’яўлення, асновай нашай веры.]”

Цудоўная рэчаіснасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі дэманструе і пацвярджае адзінства чалавечай асобы, і нагадвае нам, што мы пакліканы служыць Богу і праслаўляць Яго ўсёй сваёй істотай, душой і целам. Служэнне Богу выключна целам было б нявольніцкім жэстам; служэнне Яму толькі душой супярэчыла б нашай чалавечай прыродзе. Вялікі Айцец Касцёла, св. Ірыней сцвярджае, што “хвалой Божай ёсць жывы чалавек, а жыццё чалавечае ёсць сузіраннем Бога” (Adv. Haer. IV, 20, 7). Калі б мы так жылі, шчасліва служачы Богу, выразам чаго было б шчодрае служэнне братам, то наш лёс у дзень уваскрэсення будзе падобным да лёсу нашай нябеснай Маці. Мы атрымаем магчымасць, у поўнай меры рэалізаваць словы апостала Паўла: “Праслаўляйце Бога ў целе вашым” (1 Кар 6, 20), і будзем славіць Яго вечна на нябёсах.

Просім Марыю, каб сваім матчыным заступніцтвам дапамагала нам перажываць штодзённае вандраванне ў актыўнай надзеі, што настане дзень, і мы зможам далучыцца да Яе і ўсіх святых, а таксама нашых блізкіх у раі”, - сказаў Францішак.

Папа пажадаў, каб тыя, хто ў многіх частках свету, пакутуе целам і духам, атрымалі суцяшэнне, мужнасць і спакой ад Марыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 жніўня 2018, 13:57