Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа ўшануе магілу Слугі Божага – былога алкаголіка

Падчас візіту ў Дублін Папа памоліцца ля магілы Слугі Божага Мэта Тэлбата – ірландскага верніка, які перамог залежнасць ад алкаголю і пакінуў пасля сябе яскравае сведчанне хрысціянскага жыцця.

Мэт Тэлбат нарадзіўся ў 1856 г. у беднай рабочай сям’і. Яго бацька быў алкаголікам. У школе хлопец вучыўся ўсяго адзін год, таму амаль не ўмеў чытаць і пісаць. З дванаццаці гадоў ён працаваў на піўным складзе, дзе сам пачаў ужываць алкаголь. Праз год у яго развілася моцная алказалежнасць.

Уладкаваўшыся грузчыкам у порце, ён уцягнуўся ў больш моцныя напоі і часта вяртаўся дадому ў нецвярозым стане. Будучы падлеткам Тэлбат пачаў прадаваць асабістыя рэчы, вопратку і абутак, каб на выручаныя грошы набываць выпіўку.

Гаротнасць уласнага стану ён глыбока асэнсаваў у 28-гадовым узросце. Тады малады чалавек паабяцаў мясцоваму святару не піць на працягу трох месяцаў. Ён стрымаў слова, але, нават пасля гэтага тэрміну, больш ніколі не ўжываў алкаголю.

Адсюль пачаўся працэс яго навяртання. Тэлбат шмат маліўся, штодзённа прачынаўся ў 5.00 раніцы, каб перад працай пайсці на св. Імшу і ўмацавацца Эўхарыстыяй. Ён перастаў ужываць брыдкія словы, пачаў весці аскетычнае жыццё, строга посціць і спаць на дошках. Нягледзячы на тое, што ён быў амаль непісьменным і пісаў з вялікай колькасцю памылак, кожны дзень чытаў Біблію. З цягам часу мужчына ўступіў у Трэці францішканскі ордэн.

Будучы сціплым чорнарабочым ён клапаціўся пра людзей, якія былі бяднейшымі за яго, зводзячы да мінімума асабістыя выдаткі, а сваёй сумленнасцю, вясёлым норавам і глыбокай верай заахвочваў да годнага і шляхетнага жыцця многіх іншых людзей.

У 1925 г. Мэт Тэлбат раптоўна памёр ад сардэчнага прыступа на адной з вуліц Дубліна. Ён быў пахаваны ў францішканскім габіце ў магіле, набытай для яго мясцовымі езуітам. З цягам часу яна стала месцам малітвы для шматлікіх ірландцаў, бо слава аб святасці гэтага чалавека распаўсюдзілася па ўсёй краіне.

У 1931 г. пачаўся яго кананізацыйны працэс, а ў 1975 г. папа Павел VI ухваліў дэкрэт аб прызнанні гераічнасці яго цнотаў. Зараз парэшткі Мэта Тэлбата захоўваюцца ў касцёле Маці Божай Лурдскай у Дубліне. Францішак спыніцца тут для кароткай малітвы, перад тым як сустрэнецца з удзельнікамі Сусветнай сустрэчы сем’яў.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 жніўня 2018, 15:12