Францішак: адрачыся ад зла і рабіць дабро
У сустрэчы з Пантыфікам прынялі ўдзел каля 70 тыс. юнакоў і дзяўчат, якія прыбылі ў Рым у рамках пілігрымкі, арганізаванай Канферэнцыяй Біскупаў Італіі.
“У сённяшнім другім чытанні св. Павел скіроўвае да нас настойлівы заклік: “Не зневажайце Святога Духа Божага, якім вы запячатаны на дзень адкуплення” (Эф 4,30), - заўважыў Папа. - Але я пытаюся ў вас: якім чынам зневажаем Святога Духа? Усе мы атрымалі Яго ў хросце і канфірмацыі. Таму, каб не зняважыць Святога Духа трэба жыць у адпаведнасці з абяцаннямі хросту, абноўленымі падчас канфірмацыі. Быць адпаведнымі, а не крывадушнымі. Хрысціянін не можа быць крывадушным: павінен жыць паслядоўна. Абяцанні хросту маюць два аспекты: адрачэнне ад зла і адданасць дабру.
Выракацца зла значыць казаць “не” спакусам, граху, шатану. Больш канкрэтна, гэта значыць казаць “не” культуры смерці, якая праяўляецца ва ўцяканні ад рэальнасці да фальшывага шчасця, што выражаецца ў хлусні, падмане, несправядлівасці, парагдзе іншымі людзьмі. Усяму гэтаму трэба сказаць “не”!
Таму апостал Павел заклікае выдаліць з нашых сэрцаў “усякую горыч і раздражненне, і гнеў, і крык, і блюзнерства (...) разам з усякай злосцю” (Эф 4,31). Так кажа св. Павел. Гэтыя шэсць элементаў ці заганаў – горыч, раздражненне, гнеў, крык, блюзнерства і ўсякая злосць – парушаюць радасць Духа, атручваюць сэрца і вядуць да знявагі Бога і бліжняга.
Але, каб быць добрым хрысціянінам, не дастаткова не рабіць зло. Неабходна быць адданымі дабру і рабіць дабро. Вось чаму св. Павел працягвае казаць: “Вы ж будзьце адзін да аднаго лагоднымі, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам” (Эф 4,32). Часта здараецца, што чуем як нехта кажа: “Я не раблю зла нікому”. І думае, што з’яўляецца святым! Гэта цудоўна, але ці робіш дабро?
Памятайце гэтыя словы: добра не рабіць зло, але кепска не рабіць дабро! Так казаў св. Альбэрта Уртада.
Сёння я заклікаю вас быць дзейсна адданымі дабру! Не адчувайце сябе ў парадку, калі не робіце зла, бо гэтага не дастаткова! Кожны адказны за дабро, якое мог зрабіць, але не зрабіў. Не дастаткова не ненавідзець – трэба прабачаць; не дастаткова не мець злосці – трэба маліцца за ворагаў; не дастаткова не быць прычынай падзелаў – трэба несці мір туды, дзе яго няма; не дастаткова не казаць кепска пра іншых – трэба перабіваць, калі чуем, што хтосьці робіць гэта. Трэба спыняць пляткара – гэта значыць рабіць дабро! Калі не будзем супрацьстаяць злу, будзем маўкліва яго ўмацоўваць.
Дарагая моладзь, у гэтыя дні вы прайшлі доўгі шлях! Паколькі вы натрэніраваныя я магу вам сказаць: паступайце ў любові! Будзем пілігрымаваць разам у напрамку Сінода Біскупаў. Няхай Панна Марыя падтрымлівае нас сваім матчыным заступніцтвам, каб кожны з нас, штодня, сваімі ўчынкамі мог казаць “не” злу і “так” дабру.
Пасля марыйнай малітвы Францішак яшчэ раз прывітаў удзельнікаў моладзевай пілігрымкі, арганізаванай Канферэнцыяй Біскупаў Італіі. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат, каб вярнуўшыся ў свае дыяцэзіі, сведчылі аб радасці і касцёльнай еднасці, якія змаглі сустрэць падчас пілігрымавання і малітвы.