Пошук

Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Францішак падвёў вынікі падарожжа ў Ірландыю

Падарожжа Папы ў Ірландыю з нагоды ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў было галоўнай тэмай агульнай аўдыецыі 29 жніўня 2018 г. у Ватыкане.

Францішак падкрэсліў, што сваёй прысутнасцю на форуме, у першую чаргу, ён хацеў умацаваць хрысціянскія сем’і ў іх пакліканні і місіі. Тысячы сем’яў, якія сабраліся ў Дубліне – з усёй разнастайнасцю моваў, культураў і досведаў – сталі красамоўным знакам прыгажосці Божай мары для ўсёй чалавечай сям’і, заўважыў ён.

“Мы ведаем, што мара Бога – гэта адзінства, гармонія і мір у сем’ях і свеце, якія з'яўляюцца плёнам вернасці, прабачэння і прымірэння, якое Ён падарыў нам у Хрысце. У таямніцы сваёй любові Ён кліча сем’і, каб удзельнічалі ў гэтай мары і рабілі свет домам, у якім ніхто не будзе самотным, непажаданым ці адчужаным”, - сказаў Папа.

“[Падумайце добра: тое, чаго прагне Бог, гэта, каб ніхто не быў самотным, ніхто не быў непажаданым, ніхто не быў адчужаным]”

- дадаў ён.

Францішак падзякаваў палітыкам і епіскапату Ірландыі, а таксама ўсім, хто дапамагаў падрыхтаваць яго візіт. “Звяртаючыся да дзяржаўных уладаў, у Дублінскім замку, я нагадаў, што Касцёл – гэта сям’я сем’яў, і што ён, як цела, падтрымлівае гэтыя свае клеткі ў іх незаменнай ролі ў развіцці братэрскага і салідарнага грамадства”, - дадаў ён.

Асаблівым чынам Святы Айцец адзначыў сведчанні, якія пачуў ад сужонкаў рознага ўзросту. “Іх гісторыі нагадалі, што любоў у сужэнстве – гэта асаблівы Божы дар, які павінен штодзённа культывавацца ў “хатнім касцёле”, якім з’яўляецца сям’я", - зазначыў Папа.

“[Як гэты свет патрабуе рэвалюцыі любові, рэвалюцыі пяшчотнасці, якая выбавіць нас ад “культуры часовага”! І гэта рэвалюцыя пачынаецца ў сэрцы сям’і]”

- дадаў ён.

Францішак распавёў, што сустракаўся з сужонкамі, якія прымаюць удзел у жыцці Касцёла, з шматлікімі маладымі парамі, многія з якіх былі з маленькімі дзецьмі, а таксама з беднымі сем’ямі, якім дапамагаюць ірландскія капуцыны.

“Кульмінацыйным момантам майго візіту стала вялікае Свята сем’яў, якое адбылося вечарам у суботу на дублінскім стадыёне, пасля якога, у нядзелю, адбылася св. Імша ў “Фенікс-Парку”. Падчас чування мы выслухалі вельмі кранальныя сведчанні сем’яў, якія пакутавалі па прычыне вайны; сем’яў, якія абнавіліся дзякуючы прабачэнню; сем’яў, якіх любоў выратавала са спіралі залежнасцей; сем’яў, якія навучыліся разумна карыстацца мабільнікамі і планшэтамі і аддаваць прыярытэт часу, праведзенаму разам”, - сказаў Святы Айцец.

“[Адзначалася каштоўнасць камунікацыі паміж пакаленнямі і асаблівая роля, якая належыць бабулям і дзядулям ва ўмацаванні сямейных сувязяў і перадачы скарбу веры]”

- дадаў ён.

Распавядаючы пра свой візіт у марыйны санкуарый у мястэчку Нок, Францішак нагадаў, што ў капліцы, пабудаванай на месцы аб’яўленняў Панны Марыі, даверыў яе абароне ўсе сем’і, асабліва ірландскія. Адсюль ён таксама прывітаў народ Паўночнай Ірландыі і заахвоціў працягваць працэс прымірэння, сяброўства і экуменічнага супрацоўніцтва.

 

“Гэты мой візіт у Ірландыю, акрамя вялікай радасці, павінен быў таксама ўзяць на сябе цяжар болю і горычы па прычыне пакут, выкліканых у гэтай краіне рознымі формамі злоўжыванняў, у тым ліку з боку членаў Касцёла, і таго факту, што ў мінулым, касцёльныя ўлады не заўсёды былі здольнымі належным чынам адказаць на гэтыя злачынствы. Глыбокае ўражанне на мяне пакінула сустрэча з некаторымі ахвярамі – якіх было восем – і я неаднаразова прасіў Пана аб прабачэнні за гэтыя грахі, за скандал і пачуццё здрады, якія яны выклікалі”,- сказаў Папа.

Францішак распавёў, што ірландскія біскупы прадпрынялі сур’ёзныя намаганні на карысць ачышчэння і прымірэння з тымі, хто пацярпеў ад злоўжыванняў, і з дапамогай дзяржаўных уладаў, устанавілі шэраг строгіх нормаў, каб гарантаваць бяспеку дзяцей.

“[Падчас маёй сустрэчы з біскупамі я падтрымаў іх у выпраўленні памылак мінулага з сумленнасцю і адвагай, пакладаючы надзею на абяцанні Пана і разлічваючы на глыбокую веру ірландскага народа, каб даць пачатак перыяду абнаўлення Касцёла ў Ірландыі]”

- сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што ў Ірландыі ёсць вера, але з жалем заўважыў, што тут вельмі мала пакліканняў да святарства, прычынай чаго з’яўляюцца скандалы, якія перажыў мясцовы Касцёл. “Мы павінны маліцца, каб Пан паслаў святых святароў ў Ірландыю”, - заклікаў ён.

Напрыканцы сваёй катэхезы Францішак зазначыў, што наступная Сусветная сустрэча сем’яў адбудзецца ў 2021 г. у Рыме. Ён звярнуў увагу на тое, што многім СМІ падабаецца распавядаць пра разводы, якія становяцца нібыта модай. “Я паважаю кожнага, мы павінны паважаць людзей, але ідэалам з’яўляецца не развод. Ідэал – гэта не расставанне, не разбурэнне сям’і. Ідэал – гэта з’яднаная сям’я”, - сказаў Святы Айцец.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі
Навіна ў фармаце аўдыё

 

29 жніўня 2018, 10:52