Францішак змяніў параграф Катэхізіса аб смяротным пакаранні
2 жніўня 2018 г. быў апублікаваны адмысловы рэскрыпт за подпісам кардынала Луіса Франсіска Ладарыі Фэрэра, прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння.
“Выкарыстанне смяротнага пакарання з боку законных уладаў, пасля справядлівага працэсу, на працягу доўгага часу лічылася адэкватным адказам на некаторыя злачынствы і дапушчальным сродкам, нават калі і крайнім, для абароны супольнага дабра.
Сёння ўсё больш умацоўваецца свядомасць, што асоба не губляе сваёй годнасці нават пасля здзяйснення найцяжэйшых злачынстваў. Акрамя таго, распаўсюдзілася новае разуменне сэнсу карных санкцый з боку дзяржавы. Нарэшце, з’явіліся больш эфектыўныя сістэмы абмежавання свабоды, якія гарантуюць належную абарону грамадзян і адначасова не пазбаўляюць канчаткова вінаватага магчымасці выправіцца.
- гаворыцца ў новай рэдакцыі параграфа.
Паведамляецца, што Святы Айцец зацвердзіў змены падчас аўдыенцыі для кардынала Ладарыі Фэрэра, якая адбылася 11 мая 2018 г., і распарадзіўся, каб новая версія параграфа была перакладзена на розныя мовы і ўключана ва ўсе выданні Катэхізіса.
У папярэдняй рэдакцыі згаданага параграфу гаворка ішла пра тое, што пры ўмове, калі асоба і адказнасць вінаватага цалкам устаноўлены, традыцыйнае вучэнне Касцёла не выключае ўжывання смяротнага пакарання, калі гэта адзіны магчымы шлях дзейсна абараніць жыццё людзей ад несправядлівага агрэсара.
Разам з рэскрыптам быў апублікаваны ліст прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння да біскупаў ва ўсім свеце, у якім тлумачыцца, што новая фармуліроўка параграфа 2267 выражае сапраўднае развіццё дактрыны” і не знаходзіцца ў супярэчнасці з папярэднім вучэннем. На яго трэба глядзець у святле першаснай адказнасці грамадзянскіх уладаў за абарону супольнага дабра, у сацыяльным кантэксце, дзе карныя санкцыі разумеліся інакш і ўжываліся ў асяроддзі, дзе было складана гарантаваць, што злачынец не зможа паўтарыць сваё злачынства. Іерарх падкрэсліў, што аб неабходнасці адмены смяротнага пакарання неаднаразова казалі і Ян Павел ІІ, і Бэнэдыкт XVI.