Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

“La Civiltà Cattolica” пра выхаванне ў вучэнні Францішка

Выклік выхавання заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі цяперашняга Папы, заўважыў галоўны рэдактар найстарэйшага італьянскага каталіцкага часопіса “La Civiltà Cattolica”, кс. Антоніа Спадара.

У артыкуле пад загалоўкам “Сем стаўпоў выхавання паводле Хорхэ Марыё Бэрголіа”, якія быў апублікаваны ў апошнім нумары выдання, святар звярнуў увагу на ідэі і дзейнасць Францішка ў сферы выхавання, пачынаючы з перыяду яго служэння на пасадзе арцыбіскупа Буэнас-Айрэса ў Аргентыне.

Кс. Спадара вылучыў сем фундаментальных стаўпоў выхавання для Папы, якімі, паводле яго слоў, з’яўляецца разуменне выхавання, як працэсу інтэграцыі; прыняцце і раскрыццё патэнцыялу разнастайнасцяў; увага да антрапалалічных зменаў; руплівасць, як рухавік выхавання; педагогіка пытання; ўвага да абмежаванняў; перадача досведу ў сям’і.

Галоўны рэдактар “La Civiltà Cattolica” нагадаў абагульняючыя словы, якія арцыбіскуп Бэрголіа скіроўваў да педагогаў: “Выхаванне – гэта адзін з найбольш захапляльных відаў мастацтва ў жыцці і ён няспынна патрабуе парышэння гарызонтаў”.

Паводле Папы, выхаванне не можа быць выключна індывідуальным, але заўсёды павінна быць накіравана на сацыяльную інтэграцыю чалавека. Не менш значным для яго з’яўляецца “прызнанне разнастайнасцяў”, якія трэба разглядаць як “выклікі, але добрыя выклікі, як рэсурсы, а не праблемы”. Выхаванне, у вучэнні Папы, непарыўна звязана з “антрапалагічным выклікам”, таму педагогі не могуць “прыняць паставу страуса”.

Яшчэ адна тэма, якая часта паўтараецца ў вучэнні Францішка, гэта “руплівасць, як рухавік выхавання”. Адсюль вынікае яго пастаянны заклік да выхаваўцаў, каб былі “адважнымі і крэатыўнымі”, каб ніколі не ператвараліся ў “функцыянераў-фундаменталістаў, прывязаных да жорсткага планавання”.

Нарэшце, адзначае кс. Спадара, для Папы выхаванне, гэта “не проста тэхнічнае пытанне, але жыццядайная плённасць”. Выхаванне мае сямейнае вымярэнне, яно прадугледжвае адносіны паміж пакаленнямі і дзяленне досведам.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 жніўня 2018, 11:02