Пошук

Папа падчас моладзевага малітоўнага чування ў Рыме Папа падчас моладзевага малітоўнага чування ў Рыме 

Папа да моладзі: дзе няма сведчання – там няма Святога Духа

70 тыс. юнакоў і дзяўчат прынялі ўдзел у малітоўным чуванні з Папам, якое вечарам 11 жніўня 2018 г. прайшло на тэрыторыі старажытнарымскага іпадрома “Circo Massimo”.

Падзея была арганізавана італьянскім епіскапатам з нагоды Сінода Біскупаў, які пройдзе ў кастрычніку на тэму: “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”. Каля 40 тыс. яе ўдзельнікаў прыйшлі ў Рым пешкі з розных рэгіёнаў Італіі.

“Касцёл без сведчання – гэта толькі дым”, - адзначыў Папа звяртаючыся да сваіх гасцей. Ён заклікаў маладых людзей наследаваць прыклад св. Францішка Асізскага, які змяніў гісторыю Італіі, нягледзячы на тое, што ўсе называлі яго вар’ятам, а таксама жыць любоўю, выходзячы насустрач іншым людзям і даючы сведчанне веры.

“[Калі мы, хрысціяне, – ці то свецкі, ці святар, ці законніца альбо біскуп, – не навучымся слухаць боль, слухаць праблемы людзей, замаўкаць, дазваляць іншым людзям казаць – мы не будзем здольнымі даць добры адказ]”

- падкрэсліў Папа.

Паводле Святога Айца, “добрыя адказы не магчыма даць словамі, але рызыкуючы сабой у сведчанні”. “Дзе няма сведчання – там няма Святога Духа. Аб першых хрысціянах казалі: “Глядзіце як яны любяць адзін аднаго”, бо людзі бачылі сведчанне хрысціян, якія ўмелі слухаць, а таксама жылі паводле Евангелля”, - зазначыў ён.

Папа распавёў як падчас Сусветных дзён моладзі ў Кракаве адзін юнак спытаўся ў яго, што трэба сказаць чалавеку, каб ён пераканаўся, што наша вера – сапраўдная?

“[І я сказаў яму: “Даражэнькі, самае апошняе, што ты павінен рабіць – гэта казаць штосьці. Пачні жыць як хрысціянін і ён сам спытаецца, чаму ты так жывеш]”

- адзначыў Францішак.

На думку Святога Айца, сапраўдным скандалам з’яўляецца “фармалісцкі” Касцёл, які не дае сведчання. Вельмі часта “Езус стукае ў дзверы знутры нас, каб дазволілі Яму выйсці, бо без сведчання мы трымаем Яго нявольнікам нашага фармалізму, нашай закрытасці, нашага эгаізму, нашага клерыкальнага ладу жыцця. Клерыкалізм, які тычацца не толькі духавенства, але ўсіх нас – гэта скажэнне Касцёла”, - дадаў Пантыфік.

Рэпартаж аб малітоўным чуванні ў удзелам Папы

Папа заклікаў моладзь марыць аб вялікім і нагадаў гісторыю аднаго італьянскага юнака, якому не дазваляў пайсці за марай ягоны бацька. “Гэты юнак знайшоў прытулак у палацы біскупа. Ён скінуў з сябе вопратку і аддаў яе бацьку, кажучы: “Дазволь мне пайсці”. Гэтага юнака, дваццацігадовага італьянца, звалі Францішак, і ён змяніў гісторыю Італіі”, - патлумачыў Пантыфік, маючы на ўвазе св. Францішка Асізскага.

Святы Айцец заклікаў юнакоў і дзяўчат марыць не пра штосьці дробязнае, не пра камфорт, не быць “канапавай моладзю”, не шукаць заспакаення прагненняў у наркотыках, якія знішчаюць жыццё, але ахвяроўваць свае мары Богу, быць пілігрымамі на шляху мараў, рызыкаць і не баяцца, маючы перад вачыма аблічча Езуса Хрыста і клапоцячыся пра людзей у нястачы.

“[Касцёл патрабуе вашага запалу, вашай інтуіцыі, вашай веры]”

- сказаў ён.

Пасля сустрэчы з Папам на тэрыторыі “Circo Massimo” праходзіла моладзевае чуванне з малітвай, спевамі і сведчаннямі. Ноччу маладыя людзі здзейснілі паломніцтва ў кірунку плошчы св. Пятра, дзе раніцай для іх адбылася Эўхарыстыя, якую ўзначаліў кардынал кардынала Гуалцьера Басэці, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 жніўня 2018, 10:06