Папу ўручылі “Кнігу Дабра” і падзякавалі за дапамогу Украіне
Палітык падзякаваў Францішку за яго гуманітарную ініцыятыву “Папа для Украіны” і яго “малітвы за мір у краіне”.
Пантыфіку таксама ўручылі ўнікальны асобнік “Кнігі Дабра”, падрыхтаванай дзецьмі. “Гэта ўнікальнае выданне, зробленае ўручную на паперы з бавоўны і траў, сабраных у тых рэгіёнах, адкуль былі дасланыя 50 рэальных апавяданняў і 50 малюнкаў пра дабро, з’яўляецца адлюстраваннем дзіцячага бачання чалавечнасці, шчырасці і спагады ў паўсядзённым жыцці”, - гаворыцца на сайце МЗС Украіны. У працы над выданнем прынялі ўдзел больш за 300 тыс. чалавек – дзеці і дарослыя з усёй Украіны.
За апошнія два гады тысячы мірных жыхароў зоны АТА ва Украіне атрымалі медыцынскую і гуманітарную дапамогу дзякуючы акцыі “Папа для Украіны”, якую асабіста ініцыяваў Святы Айцец Францішак. Выканаўчымі партнёрамі сталі ўкраінскія і міжнародныя арганізацыі, дабрачынныя фонды і парафіяльныя супольнасці, якія рэалізуюць гуманітарныя праекты ў Данецкай, Луганскай, Запарожскай, Дняпроўскай, Харкаўскай абласцях і Кіеве.
Дзякуючы гэтым сродкам людзі атрымалі лекі і медыцынскую дапамогу, прадукты харчавання, паліва і цвердапаліўныя катлы, насенне для сяўбы. Таксама на тэрыторыі так званай “шэрай зоны” праводзіліся летнікі для дзяцей, якія засталіся там, нягледзячы на баявыя дзеянні.
Гэтая акцыя з’яўляецца ўнікальнай яшчэ і таму, што за час існавання незалежнай Украіны яна стала першым плённым супрацоўніцтвам католікаў і пратэстантаў.