Пошук

Базыліка св. Францішка ў Асізі Базыліка св. Францішка ў Асізі 

Святы Айцец прыняў удзельнікаў францішканскай пілігрымкі

Папа сустрэўся з юнакамі і дзяўчатамі, якія прымалі ўдзел у ХХХVIII Францішканскім маршы – пешай пілігрымцы ў Асізі. Аўдыенцыя адбылася 10 жніўня 2018 г. у ватыканскай Зале Паўла VI.

У звароце да сваіх гасцей Пантыфік вылучыў тры ключавыя словы: шлях, радасць і пакліканне. У той жа час ён папярэдзіў моладзь аб небяспецы, якой з’яўляецца крывадушнасць, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы праз свой акаўнт у сацыяльнай сетцы “Twitter”.

Францішканскі марш – гэта пешая пілігрымка для маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 32 гадоў, якія жадаюць умацаваць сваё духоўнае жыццё і пехатою дайсці да базыліцы Санта-Марыя-Дэлі-Анджэлі ў Асізі, каб прыняць удзел у Свяце прабачэння, якое адзначаецца тут 2 жніўня. Паломніцтва праводзіцца штогадова з 1980 г. і выходзіць з розных італьянскіх гарадоў.

Памаліцца побач са знакамітай “Portiuncula” – маленькай сярэдневечнай капліцай, якую ўласнымі рукамі адбудаваў св. Францішак Асізскі і ў якой да яго прамаўляў Езус – штогадова збіраецца каля 1500 маладых пілігрымаў не толькі з Італіі, але таксама і з іншых краін Еўропы. Арганізатарамі падзеі традыцыйна з’яўлецца душпастырства моладзі Ордэна Меншых Братоў.

У кантэксце падрыхтоўкі да Сінода Біскупаў, які пройдзе ў кастрычніку 2018 г. на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”, яшчэ адным этапам сёлетняй пілігрымкі стаў Рым, дзе вечарам 11 жніўня ўдзельнікі францішканскага моладзевага руху будуць браць удзел у сустрэчы з Папам на тэрыторыі старажытнарымскага іпадрома “Circo Massimo”, арганізаванай Канферэнцыяй Біскупаў Італіі.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 жніўня 2018, 11:56