Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Візіт Папы ў Літву: поўная фінансавая празрыстасць

За кожны еўра, выдаткаваны з дзяржаўнага бюджэту на арганізацыю візіту Францішка, прыйдзецца разлічыцца, запэўніў на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Сквэрняліс.

Кіраўнік урада падкрэсліў, што гэта тычыцца ўсіх бакоў, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы і правядзенні папскага падарожжа, у тым ліку Каталіцкага Касцёла. Ён зрабіў гэтую заяву пасля паведамленняў, што некаторыя арганізацыі спрабуюць выкарыстаць падзею і атрымаць дадатковыя сродкі для іншых мэт, не звязаных з візітам.

Палітык адзначыў, што падарожжа Францішка не можа быць магчымасцю для вырашэння рознага роду прыватных праблем з дапамогай дзяржаўных сродкаў. Ён дадаў, што ўсе ўстановы, у тым ліку Касцёл, павінны падрыхтаваць падрабязны план, як і дзе маюць намер выкарыстоўваць сродкі, атрыманыя ад дзяржавы. “За кожны выкарыстаны еўра, дадзены дзяржавай Касцёлу, пазней трэба будзе разлічыцца публічна”, - сказаў прэм’ер-міністр.

Літоўскае Бюро нацыянальнай бяспекі заявіла, што розныя інстытуты і Каталіцкі Касцёл узгадняюць уласныя выдаткі, звязаныя з папскім візітам, з дзяржаўнымі сродкамі, прызначанымі на інфраструктуру, бяспеку і мастацкае афармленне. Хоць амаль усе ўстановы, якія рыхтуюць будучыя падзеі, абвясцілі аб сваёй ацэнцы выдаткаў, Касцёл мае намер прадставіць свае дадзеныя пасля візіту.

У пачатку чэрвеня літоўскі ўрад прыняў рашэнне аб выдаткаванні 1,75 млн еўра на пакрыццё выдаткаў, звязаных з падрыхтоўкай двухдзённага знаходжання Францішка ў краіне. Большая частка гэтых сродкаў – больш за 1,2 млн – атрымае Каталіцкі Касцёл праз Міністэрства замежных спраў.

Міністэрства ўнутраных спраў Літвы перадасць 248 тыс. еўра Аддзелу аховы VIP-гасцей. Вільнюскія ўлады атрымаюць 109 тыс. еўра, а каўнаскія – 163 тыс. еўра. Больш за 28 тыс. еўра прызначаны для Міністэрства аховы здароўя.

Каталіцкі Касцёл абвясціў, што сваю фінансавую справаздачу апублікуе пасля візіту Папы, але ўжо зараз можна сказаць, што да перададзеных урадам 1,2 млн еўра трэба будзе дадаць каля паўмільёна еўра, атрыманых за кошт уласных сродкаў і ад розных фондаў і ахвярадаўцаў.

Паліцэйскія ўлады заявілі, што звярнуліся за дадатковымі сродкамі ў сувязі са знаходжаннем Папы, але нічога не атрымалі. Нягледзячы на гэта, яны запэўніваюць, што бяспека будзе гарантавана, паколькі ў гэтыя дні сілы паліцыі з іншых частках краіны будуць перакінуты на месцы, звязаныя з папскім візітам. Прадстаўнік паліцыі паведаміў, што яго ўстанова хацела б атрымаць прынамсі 600 тыс. еўра ў сувязі з візітам.

Францішак наведае Літву 22-23 верасня 2018 г., пасля чаго адправіцца ў Латвію і Эстонію.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 жніўня 2018, 13:36