40 тыс. крыжыкаў ад Папы раздалі на плошчы св. Пятра
“Сёння, праз два дні пасля свята Узвышэння Святога Крыжа, я вырашыў падарыць вам, сабраным на плошчы, крыжыкі. Крыж – гэта знак любові Бога, які ў Езусе падарыў нам жыццё. Заклікаю вас прыняць гэты дар і занесці ў вашы дамы, у пакоі вашых дзяцей, бабуль і дзядуль, у іншыя месцы, але, каб ён быў бачны дома. Гэта не дэкаратыўны знак, а рэлігійны, каб сузіраць і маліцца. Гледзячы на ўкрыжаванага Езуса, мы глядзім на наша збаўленне (...) Шчыра дзякую бедным і бежанцам, якія зараз раздадуць гэтыя падарункі, маленькія, але каштоўныя! Як заўсёды, вера паходзіць ад малых і пакорных”, - сказаў Папа.
У празрыстай абгортцы, разам з крыжыкамі, вернікі атрымалі маленькія карткі, на якіх, на трох мовах, напісаны словы Францішка, прамоўленыя падчас Крыжовага шляху на Сусветных днях моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра: “У крыжы Хрыста знаходзіцца ўся любоў Бога, Яго бясконцая міласэрнасць”.
Пасля раздачы падарункаў, каля 300 бедных і валанцёраў, якія былі задзейнічаны ў акцыі, разам спажылі невялікі пасілак, ахвяраваны Святым Айцом, паведаміла Апостальская элемазінарыя – ватыканская структура, якая ад імя Папы клапоціцца пра патрабуючых.