Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Францішак узначаліць св. Імшу на распачацце Сінода

3 кастрычніка 2018 г. Святы Айцец узначаліць урачыстую Эўхарыстыю на распачацце XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая будзе праходзіць у Ватыкане да 28 кастрычніка.

Урачыстая літургія пачнецца ў 10.00 па сярэднееўрапейскім часе на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, паведаміла Служба папскіх літургічных цэлебрацый.

Тэма сёлетняга Сінода Біскупаў: “Моладзь, вера і распазнанне пакліканне”. Ён павінен паспрыяць большаму разуменню Касцёлам праблем і патрэб маладога пакалення, а таксама вызначыць шляхі душпастырства моладзі, адпаведныя актуальнаму сацыяльнаму і культурнаму кантэксту.

У Сінодзе будзе прымаць удзел каля 400 асобаў – прадстаўнікі Рымскай курыі, мясцовых Касцёлаў, манаскіх супольнасцей, каталіцкіх рухаў і арганізацый, дэлегаты іншых хрысціянскіх Цэркваў і рэлігійных супольнасцей. Беларусь будзе прадстаўляць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Старшынстваваць на асамблеі будзе сам папа Францішак.

Папярэднічала XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў перадсінадальная сустрэча, якая праходзіла ў Рыме 19-24 сакавіка 2018 г. У ёй прымалі ўдзел каля 300 юнакоў і дзяўчат з розных частак свету. Дэлетам ад беларускай моладзі на сустрэчы была Кацярына Адамчык, верніца мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 верасня 2018, 10:16