Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: эканоміка не павінна красці рэсурсы ў чалавека

Скіроўваць эканамічную дзейнасць у напрамку служэння чалавеку і дапамагаць самым бедным краінам, заклікаў Папа прадпрымальнікаў, якіх прыняў з нагоды Сусветнага дня малітвы аб ахове стварэння.

Аўдыенцыя адбылася 1 верасня 2018 г. у Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палацу. У ёй прынялі ўдзел каля 100 бізнесменаў, якія сабраліся ў Рыме з нагоды двухдзённага форума, прысвечанага пошуку шляхоў да больш устойлівай эканомікі ў святле энцыклікі “Laudato si’”.

Спасылаючыся на гэты свой дакумент Пантыфік звярнуў увагу прадпрымальнікаў на постаць св. Францішка Асізскага, заклікаючы наследаваць яго, як прыклад “клопату аб тым, што слабое і апекуна інтэгральнай экалогіі, перажываемай праўдзіва і з радасцю”.

“[Для св. Францішка кожны кантакт з людзьмі і рэчамі станавіўся сустрэчай з Творцам. З яго веры ў Бога паходзіла яго місія на карысць справядлівасці, міру і пашаны да стварэння]”

- падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў аб адказнасці кожнага чалавека за іншых людзей і будучыню ўсёй планеты. “Падобным чынам і эканоміка павінна служыць чалавечай асобе, а не эксплуатаваць яе і не красці ў яе рэсурсы, што ёй належаць. Сёння мы пакліканы выкарыстоўваць магчымасці, якія нам дае тэхналогія; разважліва ўжываць рэсурсы, у прыватнасці, дапамагчы краінам, якія найбольш церпяць ад беднасці і заняпаду; паўстаць на шлях абнаўлення, а таксама ўстойлівага і інтэгральнага развіцця”, - заклікаў Папа.

Францішак пажадаў, каб людзі прызнавалі адно ў адным сыноў і дачок Нябеснага Айца і Стварыцеля, ўсё больш і ўсё канкрэтней спрыяючы таму, каб усе маглі карыстацца каштоўнымі рэсурсамі Зямлі. “Заклікаю вас працягваць рабіць свой асаблівы ўнёсак дзеля гэтай мэты, і таму прашу аб Божым благаслаўленні для вас і вашай працы”, - закончыў свой зварот Папа.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 верасня 2018, 11:57