Папа: вера, абмежаваная фармуліроўкамі – блізарукая
“У сённяшнім евангельскім урыўку (пар. Мк 8,27-35) паўтараецца пытанне, якое пранізвае Евангелле св. Марка: кім з’яўляецца Езус? - заўважыў Францішак. - Але на гэты раз сам Езус задае яго вучням, дапамагаючы ім паступова адказаць на фундаментальнае пытанне адносна Яго тоеснасці. Перад тым як непасрэдна спытацца ў іх – у Дванаццаці – Езус жадае пачуць ад іх, што думаць пра Яго людзі, і Ён добра ведае, што вучні вельмі чуллівыя да славутасці Настаўніка! Таму Ён пытаецца: “Кім людзі лічаць Мяне?” (Мк 8,27). Высвятляецца, што людзі лічылі Езуса вялікім прарокам. Але, на самой справе, Яго не цікавяць апытанні і плёткі. Езуса не цікавіць гэта...
Пан прагне, каб Яго вучні, учарашнія і сённяшнія, усталявалі з Ім асабістыя адносіны, і так прынялі Яго ў цэнтр свайго жыцця. Вось чаму Ён заклікае іх стаць у праўдзе перад сабой, і пытаецца: “А вы кім лічыце Мяне?” (Мк 8, 29). Сёння Езус скіроўвае гэтае прамое і прыватнае пытанне да кожнага з нас: “Кім ты лічыш Мяне? Кім вы лічыце Мяне? Хто Я для цябе?”. Кожны пакліканы адказаць на яго ва ўласным сэрцы, дазваляючы прасвятліць сябе тым святлом, якое Айцец дае нам, каб ведалі Яго Сына Езуса. Можа здарыцца, што мы, як Пётр, з энтузіязмам сцвердзім: “Ты – Хрыстус”. Але калі Езус выразна кажа нам, тое што сказаў вучням – што Яго місія спаўняецца не на шырокім шляху поспеху, але на цярністай сцяжынцы пакутуючага Слугі, прыніжанага, адрынутага і ўкрыжаванага – тады можа здарыцца таксама і з намі, што, як Пётр, будзем пратэставаць і абурацца, бо гэта супярэчыць нашым чаканням, чаканням гэтага свету.
Браты і сёстры, вызнанне веры ў Езуса Хрыста не можа спыняцца на словах, але патрабуе пацвярджэння канкрэтнымі рашэннямі і жэстамі, жыццём, пазначаным любоўю да Бога, вялікім жыццём, жыццём з вялікай любоўю да бліжняга. Езус кажа нам, што, каб ісці за Ім, каб быць Ягонымі вучнямі, трэба адрачыся ад сябе (пар. Мк 8,34), гэта значыць ад прэтэнзій ўласнага эгаістычнага высакамер’я, узяць свой крыж. Затым Ён дае ўсім фундаментальнае правіла: “Хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго” (Мк 8, 35). Часта ў жыцці, па многіх прычынах, мы памыляемся дарогай, шукаючы шчасця ў рэчах, альбо людзях, да якіх ставімся як да рэчаў.
Няхай Панна Марыя, якая жыла сваёй верай верна наследуючы свайго Сына Езуса, дапаможа нам крочыць Ягоным шляхам, шчорда ахвяруючы сваім жыццём дзеля Яго і братоў”.
Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра рымлян і пілігрымаў. Ён нагадаў, што 15 верасня 2018 г. здзейсніў візіт на Сіцылію, у сувязі з чым падзякаваў усім арганізатарам гэтага падарожжа і запэўніў у малітве насельніцтва гэтага італьянскага вострава.