Пошук

Пантыфік падчас аўдыенцыі для удзельнікаў форума "Тэалогія ласкавасці ў вучэнні папы Францішка" Пантыфік падчас аўдыенцыі для удзельнікаў форума "Тэалогія ласкавасці ў вучэнні папы Францішка" 

Святы Айцец: вера аб’ядноўвае тэалогію з ласкавасцю

Ласкавасць Бога дапамагае зразумець, што любоў – гэта сэнс жыцця, заўважыў Святы Айцец падчас сустрэчы з удзельнікамі кангрэса на тэму “Тэалогія ласкавасці ў вучэнні папы Францішка”.

Аўдыенцыя адбылася 13 верасня 2018 г. у Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палаца, напярэдадні форума, арганізаванага ў Асізі па ініцыятыве італьянскай каталіцкай асацыяцыі “Casa della Tenerezza” (Дом ласкавасці), якая дапамагае сужэнскім парам, што перажываюць цяжкасці ў адносінах.

Папа звярнуў увагу на тое, што тэалогія, як акадэмічная дысцыпліна, і ласкавасць, якая тычыцца міжасабовых адносін, непарыўна злучаны верай. Тэалогія не можа быць абстрактнай, бо ў такім выпадку рызыкуе стаць ідэалогіяй; яна павінна нараджацца ў выніку сустрэчы з уцелаўлёным Словам, падзеі, якая заўсёды нараджае эмоцыі і пачуцці.

Рэпартаж з папскай аўдыенцыі

Францішак падкрэсліў, што Божая любоў – гэта не агульны абстрактны, але асабісты і канкрэтны прынцып. Яна з дапамогай Святога Духа ўваходзіць у душу чалавека і ператварае яго пачуцці і думкі.

Паводле Святога Айца, ласкавасць дапамагае зразумець міласэрнасць Бога, “закаханага ў чалавеку”, давяраць Яму, адчуць Яго любоў, каб таксама пачаць любіць.

“[Калі Бог – гэта бясконцая ласкавасць, то на ласкавасць здольны і чалавек, створаны на Яго вобраз]”

- сказаў Пантыфік.

“Калі ласкавасць не зводзіцца да сентыментальнасці, яна з’яўляецца першым крокам да перамогі над засяроджанасцю на сабе, да выйсця з эгацэнтрызму, які нявечыць чалавечую свабоду. Божая ласкавасць прыводзіць да разумення, што любоў – гэта сэнс жыцця. Тады мы пачынаем усведамляць, што крыніцай нашай свабоды ніколі не з’яўляемся мы самі. І так мы адчуваем сябе пакліканымі несці ў свет любоў Пана, якую атрымалі; пакліканымі несці яе ў Касцёл, сям’ю, грамадства; пакліканымі злучыцца з ёй у служэнні і дары сябе. Усё гэта не ў сілу абавязку, але ў імя любові, любові Таго, хто нас ласкава любіць”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што “сёння, як ніколі, патрэбна рэвалюцыя ласкавасці”, якая, на яго думку, выратуе чалавецтва.

Каталіцкая асацыяцыі “Casa della Tenerezza” была заснавана ў 2003 г. У семінарах і сустрэчах, якія арганізуюцца ёй, штогадова прымаюць удзел каля 600 сужэнскіх пар з розных рэгіёнаў Італіі.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 верасня 2018, 14:30