Пантыфік заклікаў законнікаў клапаціцца аб сваіх пажылых братах
30 кастрычніка 2018 г. была апублікавана стэнаграма размовы Святога Айца з удзельнікамі Генеральнага капітула Кангрэгацыі місіянераў св. Карла, якая адбылася напярэдадні. Акрамя ўручэння загадзя падрыхтаванага тэксту, Пантыфік адказаў на пытанні законнікаў, што працуюць сярод мігрантаў.
Францішак зрабіў спасылку на свой досвед з Аргентыны, якая, як ужо адзначаў, з’яўляецца “кактэйлем” хваль міграцыі. “Я сам сын мігрантаў, і памятаю, як пасля вайны – калі мне было 10-12 гадоў – туды, дзе працаваў мой бацька прыехалі палякі, усе яны былі мігрантамі. Іх прынялі вельмі добра. Аргентына мае досвед прыняцця, бо была праца і мігранты былі запатрабаваныя”, - падзяліўся Святы Айцец.
Пантыфік таксама заклікаў айцоў-скалабрыянаў даглядаць за сваімі братамі ў пажылым узросце, не адпраўляць іх у дамы састарэлых, але як мага даўжэй пакідаць у супольнасці. Як папярэджанне, Францішак распавёў гісторыю, якую чуў у дзяцінстве ад сваёй бабулі. З адной сям’ёй разам жыў дзядуля. У нейкі момант настолькі неахайна пачаў харчавацца па прычыне свайго ўзросту, што бацька сям’і вырашыў з гэтага часу адправіць яго есці на кухонны стол. Праз некалькі дзён ён вяртаўся дадому з працы і ўбачыў, што яго сын робіць з дошак маленькі стол. Гэта для цябе – тата, каб меў на чым есці, калі будзеш стары, сказаў яму нашчадак. “У сучасным грамадстве, культуры існуе небяспека таго, што пажылыя людзі будуць разглядацца як смецце”, - дадаў Папа, каментуючы гісторыю, пачутую ў дзяцінстве.