Папа: служэнне – проціяддзе ад пошуку першых месцаў
Прапануем поўны тэкст папскага разважання.
“Сённяшняе Евангелле (Мк 10, 35-45) апісвае Езуса, Які чарговы раз з вялікай цярплівасцю імкнецца выправіць памылкі сваіх вучняў, навяртаючы іх з ментальнасці свету на ментальнасць Божую. Магчымасць Яму даюць браты Якуб і Ян, два з першых, каго Езус сустрэў і паклікаў ісці за Ім. Яны ўжо прайшлі доўгі шлях з Ім і сталі часткай групы Дванаццаці апосталаў. Такім чынам, падчас дарогі ў Ерузалем, дзе вучні з нецярпеннем чакалі, што Езус, у свята Пасхі, нарэшце, абвесціць Божае Валадарства, браты набраліся смеласці і скіравалі да Настаўніка просьбу: “Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй” (Мк 10, 37).
Езус ведае, што Якуб і Ян носяць у сабе вялікі энтузіязм у адносінах да Яго і да справы Валадарства, але ведае таксама, што іх чаканні і іх стараннасць апаганеныя духам гэтага свету. Таму Ён адказвае: “Не ведаеце, аб чым просіце” (Мк 10, 38). І ў той час як яны казалі пра “троны славы”, на якіх будуць сядзець побач з Хрыстом Валадаром, Ён кажа пра “келіх”, што трэба выпіць, пра “хрост”, што павінен быць прыняты – аб сваёй муцы і смерці. Якуб і Ян, увесь час імкнучыся да чаканага прывілею, гавораць з энтузіязмам: так, “можам”! Але нават тут яны не разумеюць, што кажуць. Езус аб’яўляе, што Яго келіх будуць піць і прымуць Яго хрост, гэта значыць, што яны таксама, як і іншыя апосталы, будуць мець долю ў Яго крыжы, калі прыйдзе іх час. Але - заключае Езус - “даць сесці праваруч ці леваруч Мяне не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана” (Мк 10, 40). Як бы кажучы: “Зараз ідзіце за мной і пазнайце шлях любові, які “прыносіць страты”, а Айцец нябесны падумае аб узнагародзе.
Езус разумее, што іншыя апосталы абураюцца на Якуба і Яна, тым самым давёўшы, што маюць тую ж мірскую ментальнасць. І гэта натхняе Яго на лекцыю, якая адносіцца да хрысціян усіх часоў, і таксама да нас. Ён кажа: “Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі. Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою” (Мк 10, 42-43). Гэта правіла хрысціянскага жыцця. Паведамленне Настаўніка яснае: у той час як вялікія гэтай зямлі будуць будаваць “троны” для сваёй улады, Бог выбірае некамфортны трон, крыж, з якога трэба панаваць, даючы сваё жыццё: Езус кажа: “Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх” (Мк 10, 45).
Таму, як вучні Хрыста, мы павінны прыняць гэта Евангелле як заклік да навяртання, да мужнага і высакароднага сведчання Касцёла, які схіляецца да стоп апошніх, каб служыць ім з любоўю і прастатой.
Няхай Найсвяцейшая Дзева Марыя, якая цалкам і пакорліва падпарадкоўвалася волі Божай, дапамагае нам ісці за Езусам па радасным шляху служэння, самым важным шляху, які вядзе да Нябёсаў”, - сказаў Папа.
Пасля “Анёл Панскі” Францішак пажадаў усім добрай нядзелі і папрасіў не забывацца маліцца за яго.