Папа: Касцёл пакліканы быць блізкім да параненых сужэнстваў
“Евангелле гэтай нядзелі (пар. Мк 10, 2-16) скіроўвае да нас словы Езуса аб сужэнстве, - заўважыў Папа. - Апавяданне пачынаецца з правакацыі з боку фарысеяў, якія пытаюцца ў Езуса, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю, як гэта прадугледжваў закон Майсея (пар. Мк 10, 2-4). У першую чаргу, Езус, з мудрасцю і аўтарытэтам, якія паходзяць ад Айца, надае іншае вымярэнне прадпісанню Майсея, кажучы: “Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён – гэта значыць старыжытны заканадавец – напісаў вам гэтую запаведзь” (Мк 10, 5). Гаворка ідзе пра ўступку, патрэбную, каб закрыць недахопы, выкліканыя нашым эгаізмам, але якая не адпавядае першапачатковай задуме Творцы.
І тут Езус паўтарае Кнігу Быцця: “На пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам” (Мк 10, 6-7). І завяршае: “Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае” (Мк 10, 9).
Гэта навучанне Езуса вельмі выразнае і бароніць годнасць сужэнства, як повязь любові, што прадугледжвае вернасць. Тое, што дазваляе сужонкам заставацца паяднанымі ў сужэнстве – гэта любоў узаемнага дару, якая падтрымліваецца Хрыстовай ласкай. Калі, аднак, у сужонкаў пераважае пошук асабістай выгады, уласнага задавальнення, тады іх саюз не можа вытрываць.
Тое самае евангельскае апавяданне нагадваем нам, з вялікім рэалізмам, што мужчына і жанчына, пакліканыя жыць досведам адносін і любові, могуць чыніць балючыя жэсты, якія прывядуць іх да крызісу. Езус не дапускае разводу і ўсяго таго, што можа прывесці да крушэння адносін. Ён робіць гэта, каб пацвердзіць Божую задуму, у якой выяўляецца сіла і прыгажосць людскіх стасункаў. Касцёл, з аднаго боку не стамляецца пацвярджаць прыгажосць сям’і, як яна была нам перададзена Святым Пісаннем і Традыцыяй; а ў той жа час, намагаецца дапамагчы адчуць канкрэтным чынам сваю матчыную блізкасць усім, хто перажывае досвед разарваных адносін ці адносін, якія працягваюцца пакутлівым і складаным чынам.
Стаўленне Бога да Яго нявернага люду – гэта значыць да нас – вучыць нас, што параненая любоў можа быць аздароўлена Богам праз міласэрнасць і прабачэнне. Таму, у такіх сітуацыях, ад Касцёла не патрабуецца толькі і выключна асуджэнне.
Папросім Панну Марыю, каб дапамагла сужонкам жыць іх саюзам і заўсёды абнаўляць яго, са спасылкай на першапачатковы Божы дар”.
Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра вернікаў. Ён нагадаў, што 13 кастрычніка 2018 г. у Рыме пройдзе Дзень катакомбаў, у многіх з якіх адбудуцца культурныя і пазнавальныя мерапрыемствы. Папа падзякаваў арганізатарам падзеі – Папскай камісіі па сакральнай археалогіі – і пажадаў яе плённага правядзення.