Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Апублікавана праграма папскіх цэлебрацый на бліжэйшыя месяцы

Літургія ў інтэнцыі памерлых іерархаў, Эўхарыстыя ў ноч Божага Нараджэння, благаслаўленне “Urbi et Orbi”, – гэта галоўныя падзеі з удзелам Францішка ў бліжэйшыя месяцы.

У Ватыкане апублікавалі афіцыйную праграму папскіх цэлебрацый ад лістападу 2018 г. па студзень 2019 г.

2 лістапада, ва Успамін усіх памерлых вернікаў, Пантыфік накіруецца на рымскія Лаўрэнтынскія могілкі, дзе будзе цэлебраваць св. Імшу. На наступны дзень, у ватыканскай базыліцы, ён узначаліць Эўхарыстыю ў інтэнцыі памерлых сёлета кардыналаў і біскупаў. 18 лістапада, у Сусветны дзень бедных, там жа Папа адправіць адмысловую св. Імшу.

8 снежня 2014 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Пантыфік здзейсніць традыцыйны візіт на рымскую Іспанскую плошчу, дзе ўскладзе кветкі да скульптуры Маці Божай. 12 снежня, ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай, ён узначаліць Эўхарыстыю ў інтэнцыі краін Лацінскай Амерыкі.

Вігілійная св. Імша на Божае Нараджэнне пачнецца ў ватыканскай базыліцы 24 снежня ў 21.30, а на наступны дзень, у 12.00, Святы Айцец, з цэнтральнай лоджыі галоўнага каталіцкага храма свету, удзеліць урачыстае благаслаўленне “Urbi et Orbi” і звернецца са сваім “Пасланнем міру”. Вечарам 31 снежня Францішак узначаліць святочныя Нешпары, якія стануць падзякай за адыходзячы год.

Пантыфік будзе таксама цэлебраваць св. Імшы на пачатку 2019 г.:1 студзеня – у Сусветны дзень міру; 6 студзеня – ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана і 13 студзеня – ва ўрачыстасць Хросту Пана. Апошняя Эўхарыстыя будзе праходзіць у Сікстынскай капэле; падчас яе Папа ўдзеліць сакрамэнт хросту дзецям.

Таксама на 23-28 студзеня 2019 г. запланаваны папскі візіт у Панаму, на XXXIV Сусветныя дні моладзі.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 кастрычніка 2018, 13:26