Пошук

Францішак падчас візіту ў рымскую сядзібу ФАО ў 2017 г. Францішак падчас візіту ў рымскую сядзібу ФАО ў 2017 г. 

Святы Айцец: бароцца з голадам не лозунгамі, а справамі

Пра неабходнасць актыўнай барацьбы з голадам, заснаванай на глабалізацыі салідарнасці, заклікаў Святы Айцец у пасланні на імя Генеральнага дырэктара ФАО Жазэ Грацыяна да Сілва.

Зварот прымеркаваны да Сусветнага дня харчавання, дэвіз якога сёлета: “Нашы дзеянні – гэта наша будучыня. Свет без голаду ў 2030 годзе магчымы”.

Папа не хавае расчаравання паслабленнем міжнароднай салідарнасці. Ён папярэджвае, што адны тэхнічныя рашэнні і праекты “не ў стане справіцца з сумам і горыччу тых, хто пакутуе, бо не могуць дастаткова і здарова харчавацца”. Ён настойліва заклікае міжнародную супольнасць, выйсці з ступару, які паралізуе дзеянні, і падвоіць намаганні, каб усім хапала неабходнай колькасці якасных харчовых прадуктаў.

Францішак звярнуў увагу на неабходнасць задавальнення канкрэтных патрэб бедных і прызнання таго, што ўсе краіны роўныя ў сваёй годнасці. Ён падкрэсліў, што барацьба з голадам патрабуе шчодрага фінансавання, ліквідацыя гандлёвых бар’ераў, і, перш за ўсё, павышэння ўстойлівасці да змены клімату, эканамічных крызісаў і ўзброеных канфліктаў.

Папа лічыць, што міжнародная супольнасць павінна прыняць тэрміновыя, скаардынаваныя і сістэматычныя рашэнні па гэтым пытанні. Ён адзначыў, што рэальнае жаданне пакласці канец голаду не можа быць рэалізавана без этычнага пераканання, агульнага для ўсіх людзей і розных рэлігійных поглядаў. Яно ставіць у цэнтр кожнай ініцыятывы інтэгральную карысць чалавека і жаданне рабіць іншаму тое, што мы хочам, каб рабілі нам. Гаворка ідзе пра дзеянні, заснаваныя на салідарнасці паміж усімі народамі.

Святы Айцец перакананы ў неабходнасці павелічэння колькасці сродкаў на карысць умацавання міру і развіцця народаў. Ён запэўніў, што Касцёл вядзе штодзённую барацьбу з голадам і недаяданнем, у розных формах і з дапамогай розных структур і аб’яднанняў. Францішак выказаў надзею, што братэрства ў нашым свеце не застанецца простым лозунгам, без рэальных наступстваў.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 кастрычніка 2018, 12:24