Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: невідушчыя могуць шмат чаму навучыць Касцёл

Лепшым адказам грамадству, якое не шануе няпоўнаспраўных, з’яўляецца наша любоў да іх, падкрэсліў Папа падчас аўдыенцыі для членаў Апостальскага руху сляпых (Movimento Apostolico Ciechi).

Сустрэча прайшла 17 лістапада 2018 г. у ватыканскім Апостальскім палацы. Яна была прымеркаваная да 90-годдзя асацыяцыі, заснаванай у 1928 г. у Італіі, у якую ўваходзяць як невідушчыя, так і асобы, у якіх няма праблем са зрокам. Прысутнасць апошніх умацавала рух. Гэта дапамагло не засяроджвацца выключна на сабе і на праблемах, звязаных з адсутнасцю зроку, зазначыў Папа.

Пантыфік высока ацаніў значэнне хрысціянскага сяброўства паміж членамі асацыяцыі. “Паўтараю, што лепшым адказам, які можам даць нашаму грамадству, дзе часта ўзнікаюць спробы маргіналізаваць няпоўнаспраўных, гэта “зброя” любові, не фальшывай, саладжавай ці крывадушнай, але сапраўднай, канкрэтнай і паважлівай”, - сказаў ён.

“[Сапраўдны жыццёвы шлях і трывалае шчасце развіваюцца і пазнаюцца ў той меры, у якой нас прымаюць і любяць, уключаюць у грамадства і прапануюць дапамогу, каб глядзець у будучыню з даверам]”

, - дадаў Папа.

Пантыфік падзякаваў асацыяцыі за адкрытасць на бедных і тых, хто пакутуе, за супрацоўніцтва з беднымі краінамі, “дзе невідушчых становіцца ўсё больш, а ўмовы іх жыцця робяцца ўсё больш і больш складанымі”. “Замест таго, каб засяроджвацца на саміх сабе і ўласнай няпоўнаспраўнасці, вы мужна адказалі на запрашэнне Езуса: “Я быў галодны, і вы далі Мне есці (...) быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне”, - падкрэсліў Папа.

90-гадовая гісторыя Руху дазволіла лепш зразумець яго асаблівы харызмат у Касцёле. Паводле Папы, ён складаецца з двух галоўных элементаў: супрацоўніцтва паміж невідушчымі і відушчымі, а таксама ўвагі да бедных.

“Такім чынам, вы супрацоўнічаеце, каб дапамагаць развіццю Касцёла беднага і для бедных, захоўваючы перакананне, што яны могуць шмат чаму навучыць нас, і што аддаваць ім цэнтральную ролю – гэта прывілеяваны шлях евангелізацыі. Ваша канкрэтная дапамогай і падтрымка бедным робіць вас героямі евангелізацыі, якую Касцёл здзяйсняе сярод самых апошніх. Усе мы “пакліканы адкрыць у іх Хрыста, даць ім наш голас у іх справах, але таксама да таго, каб быць іх сябрамі, каб слухаць іх, разумець і прымаць таямнічую мудрасць, якую Бог хоча нам праз іх перадаць”, - падкрэсліў Папа.

Францішак нагадаў, што будучыня чалавецтва залежыць ад умення дзяліцца і сябраваць, асабліва з самымі беднымі і пакінутымі.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 лістапада 2018, 12:03