Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік абвясціў тэму наступнага Сусветнага дня міру

“Добрая палітыка – гэта служэнне міру” – так гучыць тэма паслання папы Францішка на 52-гі Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца 1 студзеня.

У апублікаваным 6 лістапада 2018 г. паведамленні Залы Друку Святога Пасаду, адзначаецца, што палітычная адказнасць павінна характарызаваць кожнага грамадзяніна, і асаблівым чынам таго, “хто атрымаў мандат абароны і кіравання краінай”.

“[Гэта місія заключаецца ў абароне закона і пашырэнні дыялогу паміж членамі грамадства, паміж пакаленнямі і паміж культурамі. Няма міру без узаемнага даверу. А давер мае ў якасці першай умовы павагу да слова. Палітычная прыхільнасць – якая з’яўляецца адной з самых высокіх праяў любові – нясе ў сабе неспакой за будучае жыцця і планеты, за самых маладых і малых, за іх смагу рэалізацыі]”

, - гаворыцца ў спецыяльным каментары, прымеркаваным да абвяшчэння тэмы Дня міру.

Правы і абавязкі чалавека развіваюцца праз усведамленне прыналежнасці да адной супольнасці, з іншымі людзьмі і з Богам, узгадалі аўтары каментара думку Яна ХХІІІ з энцыклікі “Pacem in Terris”. Чалавек пакліканы несці і абвяшчаць мір як Добрую Навіну пра будучыню, дзе будуць паважацца годнасць і правы кожнага.

Сусветны дзень міру быў устаноўлены папам Паўлам VI у 1967 г. Традыцыйна спачатку абвяшчаецца яго тэма, а ўжо потым, у снежні, публікуецца Пасланне Святога Айца. Яно дасылаецца ў канцылярыі кіраўнікоў усіх дзяржаў. Лічыцца, што дакумент вызначае дыпламатычную лінію Святога Пасаду на наступны год.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 лістапада 2018, 10:54