Пантыфік пра актуальнасць поглядаў бл. Джузэпэ Таньёлы
Нагодай для звароту стаў навуковы кангрэс у Каталіцкім універсітэце Найсвяцейшага Сэрца (Università Cattolica del Sacro Cuore) у Мілане, прымеркаваны да 100-годдзя смерці Джузэпэ Таньёлы – выбітнага італьянскага эканаміста і сацыёлага, актыўнага каталіцкага дзеяча і бацькі сямі дзяцей.
“Узорны бацька і муж, прафесар эканомікі“, ён застаецца “прыкладам святасці свецкага верніка“, “настаўнікам“ і “прарокам“ таксама для нашай эпохі. Перад абліччам вялікіх грамадскіх і эканамічных перамен на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў, калі рабочы свет рызыкаваў стаць “заложнікам ідэалогій, якія замест вырашэння праблем, абцяжарвалі іх”, ён адказаў на заклік Льва ХІІІ і зрабіў вырашэнне “сацыяльнага пытання” сваёй “жыццёвай місіяй”.
Ён зразумеў, што прычына новых сацыяльных праблем заключаецца ў эканоміцы, адарванай ад этыкі, якая абапіраецца выключна на закон чыстага прыбытку, без належнага клопату пра самых слабых членаў грамадства, гаворыцца ў пасланні Папы.
Будучы благаслаўлёны ўсведамляў, што “сустрэча паміж верай і культурай зможа выцягнуць сучаснае грамадства з матэрыялістычнага цячэння, якое працівіцца духоўнаму і звышнатуральнаму, і імкнецца, з аднаго боку, да індывідуалізма і свабоды без межаў і сумлення, а з іншага – да падманлівай панацэі дзяржаўнай ураўнілаўкі, прадвесніцы дэспатызму і тыраніі”.
Дзейнасць Таньёлы набліжала час для ўдзелу католікаў у палітычным жыцці. Ён клапаціўся аб ідэале па-сапраўднаму дэмакратычнага грамадства, “паўночнай зоркай якога з’яўляецца дасягненне супольнага дабра пры ўзаемадзеянні паміж усімі грамадскімі сіламі, на карысць самых бедных”. Такую дэмакратыю, паводле яго, “немагчыма было належна пабудаваць не чэрпаючы з жыццядайнай лімфы евангельскіх каштоўнасцей”.
Джузэпэ Таньёла ствараў спрыяльную атмасферу для ініцыятыў салідарнасці, народных банкаў і сельскіх кас узаемадапамогі. У 1907 г. ён даў пачатак Сацыяльным тыдням у Італіі, якія праходзяць дагэтуль, падштурхоўваючы да рэфлексіі і канкрэтных дзеянняў.
“Ён не пераставаў указываць на два ўзаемадапаўняльныя прынцыпы: прыярытэту грамадзянскай супольнасці і неад’емнай ролі дзяржавы ў адпаведнасці з крытэрыямі субсідыярнасці і салідарнасці, якія з’яўляюцца двума стаўпамі сацыяльнага вучэння Касцёла”, - гаворыцца ў пасланні.
Адзначаецца, што Таньёла меў не толькі праніклівым розум, але таксама любоў да малітвы і Эўхарыстыі, выказваючы “перакананасць, што збаўленне грамадства павінна быць звязана са святасцю” і таму трэба імкнуцца да “грамадства святых”.
Перад абліччам сучасных праблем у Еўропе і свеце, сярод якіх абвастрэнне экалагічнага пытання і феномен міграцыі, погляды Джузэпэ Таньёлы застаюцца каштоўнымі для разважання і дзейнасці, адзначаецца ў пасланні Папы, скіраваным за подпісам кардынала Дзяржсакратара.