Папа: базыліка св. Мікалая ў Бары паклікана спрыяць экуменізму
“Мінулі пяцьдзесят гадоў з таго часу, як мой папярэднік, св. Павел VI, узвысіў базыліку св. Мікалая ў Бары да рангу Папскай базылікі, надаючы тытул Папскага дэлегата Барскаму арцыбіскупу “pro tempore”, - нагадаў Пантыфік у пасланні, якое было абнародавана 24 лістапада 2018 г.
Францішак заўважыў, што сёлета базыліка св. Мікалая мела магчымасць “прадэманстраваць сваё асаблівае пакліканне, мэта якога заключаецца ў наданні імпульса шляху да еднасці паміж хрысціянамі”, якой “садзейнічае супольнае ўшанаванне святога Біскупа Мірлікійскага вернікамі Усходу і Захаду”.
Папа выказаў удзячнасць усім, хто ў гэтым месцы спрычыняецца да “літургічнай, пастырскай, культурнай і асабліва экуменічнай дзейнасці”, плёны якой, ён мог асабіста бачыць падчас свайго нядаўняга візіту ў Бары “з нагоды сустрэчы малітвы і роздуму кіраўнікоў Цэркваў, прысутных на Блізкім Усходзе”.
Францішак заклікаў мясцовых душпастыраў працягваць служэнне, дапамагаючы людзям, якія наведваюць гэты храм, “раскрываць яго духоўную важнасць”. “Гаворка ідзе пра тое, каб садзейнічаць у верніках працэсу руплівага пошуку Бога, умацаванага моцнай пабожнасцю і несуцешнай тугой па сузіранні. Малітва мае надзвычайную евангелізацыйную сілу і неабходна для дасягнення поўнай еднасці паміж хрысціянамі”, - напісаў Папа.
Пантыфік пажадаў, каб юбілей стаў нагодай для абнаўлення цікавасці да вывучэння гісторыі Папскай базылікі, асобы св. Мікалая, экуменічнай тэалогіі, а таксама, “каб навуковая рэфлексія, разам з планавымі культурнымі мерапрыемствамі, маглі спадарожнічаць пабожнасці, літургіі і культу святога, робячы важны ўнёсак у развіццё экуменічных адносін паміж каталіцкімі і праваслаўлаўнымі супольнасцямі”.