Пошук

2018.11.15 Comunita del Pontificio Collegio Pio Latino Americano 2018.11.15 Comunita del Pontificio Collegio Pio Latino Americano 

Папа духавенству: не станавіцеся “дзяржаўнымі святарамі”

15 лістапада 2018 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі супольнасць святароў Папскага пабожнага лацінаамерыканскага калегіума (Pontificio Colegio Pío Latino Americano).

Сустрэча была прымеркавана да 160-годдзя структуры. У прамове Пантыфік заўважыў, што калегіум з’яўляецца адной з нямногіх падобных устаноў у Рыме, якая не носіць нацыянальнага характару і не звязана з канкрэтным харызматам, але імкнецца быць месцам сустрэчы для духавенства з усёй Лацінскай Амерыкі.

Паводле Папы, рэгіёну пагражаюць “культурная фрагментацыя, палярызацыя грамадства і страта каранёў”, што абцяжарваецца прапагандай нянавісці да “нянашых” і прымусовым пашырэннем культурных мадэлей, якія не маюць нічога супольнага з лацінаамерыканскай тоеснасцю.

Францішак перакананы, што мясцовы Касцёл таксама рызыкуе згубіць кірунак і пазбавіцца каранёў, паддаўшыся таму ці іншаму ўплыву, калі забудзе пра сваё пакліканне, быць месцам сустрэчы. Паводле яго, ідэалагічная каланізацыя пранікае таксама ў Касцёл.

Святы Айцец заўважыў, што для святароў з лацінаамерыканскага калегіума час знаходжання ў Рыме з’яўляецца магчымасцю стварыць сяброўскія і братэрскія сувязі, лепш зразумець праблемы рэгіёна.

“[Наш кантынент, пазначаны старымі і новымі ранамі, мае патрэбу ў будаўніках зносін і еднасці, адкрытых і поўных даверу да навізны, якую Божае Валадарства можа прынесці сёння. Гэта можна пачаць развіваць ужо зараз]”

, - нагадаў ён.

Пантыфік перакананы, што святары, якія робяць шмат добрага ў сваіх парафіях і дыяцэзіях, як і кожны з людзей, схільныя да “выгарання”, ізаляцыі і працы дзеля саміх сябе. Абараніцца ад гэтых спакус дапамагае пачуццё прыналежнасці да святарскай супольнасці, у якой кожны з’яўляецца важным.

“Без гэтага пачуцця прыналежнасці і працы плячо ў плячо, мы будзем разгубленымі, аслабленымі і, што яшчэ горш, пазбавім многіх нашых братоў і сясцёр сілы, святла і суцяшэння, якія нясе ў сабе сяброўства з Езусам Хрыстом, а таксама супольнасці веры, якая дае перспектыву сэнсу і жыцця”, - сказаў Папа.

Паводле Пантыфіка, так можна дайсці да сітуацыі, калі, не ўсведамляючы гэтага, Касцёл будзе несці Амерыцы “Бога без Касцёла, Касцёл без Хрыста, Хрыста без народа” або “Бога без Хрыста, Хрыста без Касцёла, Касцёл без народу”, што з’яўляецца чыстым пераробленым гнастыцызмам.

Папа нагадаў духавенству, што Хрыстовая любоў і любоў да Хрыста павінны выражацца ў клопаце пра жыццё і лёс народу, а таксама салідарнасць з беднымі, тымі, хто пакутуе і знаходзіцца ў патрэбе. Таму святарам важна быць інтэграванымі ў жыццё грамадства, ведаць жыццё людзей, разумець іх турботы. Прыкладам тут можа быць кананізаваны нядаўна арцыбіскуп Оскар Рамэра, а дапамогай – Маці Божая.

“Браты святары: не будзем забывацца пра Яе і з даверам папросім, каб Яна ўказала нам шлях, каб вызваліла ад клерыкалісцкага скажэння, каб кожнага дня ўсё больш і больш рабіла нас “пастырамі людзей” і не дазволіла ператварыцца ў “дзяржаўных святароў”, - пажадаў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 лістапада 2018, 14:58