Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: колькасць мучанікаў пастаянна расце

Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Рады Рыцарскага Ордэна Святога Гроба Іерусалімскага. Сустрэча прайшла 16 лістапада 2018 г. у Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палаца.

Святы Айцец нагадаў пра драматычную сітуацыю на Блізкім Усходзе, дзе пастаянна павялічваецца колькасць хрысціян, якіх пераследуюць і забіваюць за веру. Гэта адбываецца на вачах усяго свету, які “вельмі часта адварочвае позірк у іншых бок”, дадаў ён. Паводле Папы, існуе таксама “белае мучаніцтва”, якое спазнаюць вернікі ў дэмакратычных краінах, калі абмяжоўваецца рэлігійная свабода.

Пантыфік падзякаваў сваім гасцям за “шматлікія духоўныя і дабрачынныя ініцыятывы на карысць насельніцтва Святой Зямлі”. Ён пажадаў, каб школы і бальніцы Ордэна былі адкрыты для ўсіх людзей, незалежна ад іх этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці.

“[Такім чынам вы выпрастаеце шляхі для знаёмства з хрысціянскімі каштоўнасцямі, спрыяння міжрэлігійнаму дыялогу, узаемнай павагі і паразумення. Іншымі словамі, сваёй высакароднай працай вы падтрымаеце будаванне таго шляху, які прывядзе – спадзяемся ўсіх, – да дасягнення міру ва ўсім рэгіёне]”

, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што адным з заданняў Ордэна з’яўляецца спрыянне духоўнаму росту. “Не забывайце, што вы не філантрапічная арганізацыя, занятая паляпшэннем матэрыяльнай і сацыяльнай сітуацыі сваіх адрасатаў. Вы пакліканы ставіць у цэнтр і ў якасці канчатковай мэты вашых спраў евангельскую любоў да бліжняга, каб сведчыць паўсюль пра дабрыню і клопат, з якімі нас любіць Бог”, - дадаў ён.

Францішак заклікаў рыцараў злучыць матэрыяльную дапамогу патрабуючым з малітвай, пастаянна звяртаючыся да Найсвяйцейшай Панны Марыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 лістапада 2018, 14:30