Пошук

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа на “Анёл Панскі”: Бог вымярае чысцінёй намераў

У малітве трэба пазбягаць рытуалізму і фармалізму, звярнуў увагу Папа 11 лістапада 2018 г. у сваіх разважаннях перад малітвай “Анёл Панскі”. На плошчы св. Пятра яго слухалі 20 тыс. чалавек.

Прапануем поўны тэкст разважання Святога Айца

“Сённяшняе Евангелле (Мк 12, 38-44) завяршае серыю прамоў Езуса ў Ерузалемскай святыні, і выводзіць на першы план два процілеглых стаўленні: кніжніка і ўдавы. Першы – прадстаўнік важных людзей, багаты, уплывовы; другая прадстаўляе апошніх, бедных, слабых. На самой справе, радыкальнае асуджэнне Езусам кніжнікаў не адносіцца да ўсёй гэтай катэгорыі, але тычыцца тых з іх, якія выстаўляюць напаказ свой сацыяльны статус, хваляцца званнем “рабі”, настаўніка, патрабуюць паважання і займаюць першыя месцы (Мк 12, 38-39). Самае горшае, што гэта іх хвальба носіць перш за ўсё рэлігійны характар, таму што “доўга моляцца напаказ” (Мк 12, 40) і выкарыстоўваюць Бога, каб выклікаць давер да сябе ў якасці абаронцаў Яго закона. І гэта стаўленне высакамер’я і ганарыстасці вядзе іх да пагарды тых, хто мала што значыць або займае эканамічна нявыгаднае становішча, як і ў выпадку з удовамі.

“[Езус выкрывае гэты скажоны механізм: асуджае прыгнёт слабых, які ажыццяўляецца інструментальна на аснове рэлігійнай матывацыі, ясна кажучы, што Бог на баку апошняга.]”

І жадаючы, каб вучні добра запамяталі гэты ўрок, дае ім яскравы прыклад: паказвае бедную ўдаву, чыё сацыяльнае становішча нязначнае, бо не мае мужа, які мог бы абараніць яе правы, і таму з’яўляецца лёгкай здабычай для нейкага нядобрасумленнага крэдытора. Такія крэдыторы пераследавалі даўжнікоў, патрабуючы пагасіць суму запазычанасці. Жанчына, якая мае намер кінуць у скарбонку дзве манеты, усё, што засталося ў яе, складае сваю ахвяру, спрабуючы застацца незаўважанай, як калі б ёй было сорамна.

І менавіта праз гэты акт пакоры яна зрабіла нешта, што мае вялікае рэлігійнае і духоўнае значэнне. Яе жэст, поўны ахвяры, не пазбегнуў уважлівага позірку Езуса, які – больш за тое – бачыць у ім бляск поўнага ахвяравання сабой, чаму хоча навучыць сваіх апосталаў. Навука, якую сёння дае Езус, дапамагае нам аднавіць тое, што адыгрывае важную ролю ў нашым жыцці і спрыяе канкрэтным і штодзённым адносінам з Богам.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

Браты і сёстры, Божыя меры адрозніваюцца ад нашых. Ён інакш ацэньвае людзей і іх жэсты. Бог вымярае не колькасцю, а якасцю, глядзіць на сэрца і на чысціню намераў. Гэта азначае, што наш “дар” для Бога ў малітве і для іншых у міласэрнасці заўсёды павінен пазбягаць рытуалізму, фармалізму і логікі разліку, выражаць бескарыслівасць. Гэтак жа, як гэта робіць Езус у адносінах да нас, збаўляючы нас бескарысліва, не прымушаючы плаціць за адкупленне.

“[Ён збавіў нас бескарысліва. Мы таксама павінны, робячы розныя рэчы, выказваць сваю бескарыслівасць.]”

Менавіта таму Езус указвае на гэту бедную і шчодрую ўдаву, як узор хрысціянскага жыцця, што трэба наследаваць. Мы не ведаем, як яе завуць, але ведаем яе сэрца. Мы сустрэнемся з ёй у Небе і пойдзем яе прывітаць. Гэта тое, што мае значэнне перад Богам. Калі ў нас з’яўляецца спакуса паказаць і зафіксаваць нашы жэсты альтруізму, калі мы занадта зацікаўлены поглядам іншых, давайце думаць пра гэтую жанчыну. Гэта дапаможа нам пазбегнуць сітуацый – прабачце за параўнанне – калі мы паводзім сябе як паўліны, што перашкаджае нам ісці да сапраўды важнага і заставацца сціплымі.

Няхай Дзева Марыя, бедная жанчына, якая цалкам прысвяціла сябе Богу, падтрымлівае нас у рашэнні даць Пану і братам не частку сябе, але усіх сябе ў пакорлівай і шчодрай ахвяры”, - сказаў Пантыфік.

Пасля “Анёл Панскі” Францішак прывітаў сабраных на плошчы св. Пятра і папрасіў аб малітве за сябе.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 лістапада 2018, 14:43