Папа сустрэўся з пацыентамі медпункта на плошчы св. Пятра
Пантыфік з’явіўся на галоўнай ватыканскай плошчы вечарам у суправаджэнні арцыбіскупа Рына Фізікелы, старшыні Папскай рады па новай евангелізацыі. Гэта стала вялікай нечаканасцю для многіх людзей, што знаходзіліся на ёй.
У шпіталі Францішак паразмаўляў з урачамі і пацыентамі. “Ён па чарзе прывітаў кожнага, выслухаў, прывітаў таксама валанцёраў, і я думаю, што гэта быў яшчэ адзін жэст вялікай салідарнасці і хрысціянскай любові, які Папа пажадаў зрабіць у якасці сведчання”, - падзяліўся арцыбіскуп Фізікела.
Часовы медпункт на плошчы св. Пятра быў адкрыты 12 лістапада. Ён працуе чатырнаццаць гадзін у суткі – з 8.00 да 22.00. Тут ёсць восем амбулаторый, дзе бедныя могуць бясплатна атрымаць медыцынскую дапамогу, здаць аналізы, патрапіць на прыём кардыёлага, дэрматолага, інфекцыяніста, гінекола, андролага.
Імправізаваны шпіталь на ватыканскай плошчы дзейнічаў таксама ў мінулым годзе. Яго паслугамі скарысталіся каля 600 чалавек – бедных, бяздомных, беспрацоўных і мігрантаў.
Сусветны дзень бедных быў устаноўлены Францішкам на заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці. Ён адзначаецца ў Касцёле ў кожную ХХХІІІ Звычайную нядзелю літургічнага года.