Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

2018-ы ў жыцці Папы і Касцёла ў святле “Evangelii Gaudium”

2018-ы год быў складаным для Касцёла, “пабітага”, па словах Францішка, “штормамі і ўраганамі”, аднак, прааналізаваны ў святле адгартацыі “Evangelii Gaudium”, не выклікае роспач, але дае надзею.

“Радасць Евангелля напаўняе сэрца і ўсё жыццё тых, хто сустракаецца з Езусам” – такімі словамі распачынаецца дакумент папы Францішка, апублікаванай 5 гадоў таму. І менавіта на жывой сустрэчы з Езусам былі сканцэнтраваны ўсе разважанні Папы, якімі ён дзяліўся з вернікамі на працягу года, – падчас 43 генеральных аўдыенцый на плошчы св. Пятра ў Ватыкане і 89 казанняў у ходзе ранішніх св. Імшаў у ватыканскім доме св. Марты, падчас зваротаў, што суправаджалі малітву “Анёл Панскі”, і публічных Эўхарыстычных набажэнстваў.

Францішак заклікаў “да новага этапу евангелізацыі, пазначанага гэтай радасцю”, і прапанаваў два шляхі. Першы – шлях абноўленага місіянерства, якое б імкнулася “аднавіць арыгінальную свежасць Евангелля” і несці ўсім радасць ад сустрэчы з Езусам. Другі – шлях адкрытага і гасціннага Касцёла. Як адзначаецца ў “Evangelii Gaudium”, “Касцёл – не мытня, а бацькоўскі дом, дзе ёсць месца для кожнага з яго нялёгкім жыццём”.

“Я не хачу Касцёла, які клапоціцца пра тое, каб быць у цэнтры, і ў выніку апынаецца ў блытаніне апантанасцей і судовых працэдур. Калі нешта і павінна хваляваць і непакоіць нашую свядомасць, дык гэта тое, што многія нашыя браты жывуць без сілы, святла і суцяшэння ад сяброўства з Езусам Хрыстом”, - сказаў аднойчы Святы Айцец.

Адным са знакавых момантаў гэтага года стаў заклік Пантыфіка да ўсіх вернікаў штодня маліцца на ружанцы, просячы Маці Божую і св. Міхала Арханёла абараніць Касцёл ад д’ябла, “які заўсёды імкнецца аддзяліць нас ад Бога і адасобіць адно ад аднаго”.

Крокам наперад у разуменні праўды Евангелля і развіцці дактрыны веры стала афіцыйнае прызнанне Касцёлам недапушчальнасці смяротнага пакарання, якое знайшло адлюстраванне ў зменах, унесеных у Катэхізіс Каталіцкага Касцёла па ініцыятыве Францішка ў жніўні.

У гэтым годзе Касцёл як ніколі моцна пацярпеў ад абвінавачванняў у злоўжываннях уладай, сумленнем і зносінамі з непаўналетнімі. У сувязі з гэтым Папа выкрыў загану клерыкалізму як галоўнай прычыны гэтага бедства. Па яго словах, святарскае пакліканне павінна шукаць служэння, а не ўлады.

Знакавай падзеяй для Касцёла стаў XV звычайны Сінод Біскупаў, прысвечаны моладзі, веры і распазнанню паклікання, які прайшоў у кастрычніку ў Ватыкане. Ён абнавіў заклік адгартацыі “Evangelii Gaudium” “ісці разам”, патрабуючы актыўнага ўключэння ў жыццё Касцёла моладзі, жанчын і свецкіх вернікаў.

Апостальскія падарожжы Папы па Італіі і за яе межы прадэманстравалі яго схільнасць быць бліжэй да людзей і набліжаць Касцёл да кожнага, хто шукае Бога. Нарэшце, ініцыяваныя Святым Айцом рэформы ватыканскіх структур сталі бачнай праявай намаганняў Касцёла станавіцца больш простым, празрыстым, дзейсным, які выходзіць насустрач вернікам і шукае заблукалых на перыферыях жыцця.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 снежня 2018, 15:02