Пошук

Папа падчас запісу праграмы "Ave Maria" Папа падчас запісу праграмы "Ave Maria" 

“Ave Maria” з Папам: у цярплівасці далучаемся да пакут Хрыста

Хто пакутуе з цярплівасцю далучаецца да пакут Бога ў Хрысце, заўважыў Папа падчас дзясятай серыі праграмы “Ave Maria” на італьянскім каталіцкім тэлеканале “TV2000”.

Галоўнай тэмай чарговага выпуску была цярплівасць. Гаворка ішла пра хворых, якія прымаюць хваробу; пажылых людзей, якія не скараюцца перад самотнасцю; пра вязняў і многіх іншых людзей, якія перажываюць пакуты.

“Калі думаю пра знакі надзеі, мне на думку прыходзіць менавіта слова цярплівасць”, - прызнаўся Папа.

“Цярплівасць – гэта здольнасці несці на плячах жыццёвыя сітуацыі, але несці іх з надзеяй, гледзячы наперад. Толькі гарачы чалавек здольны быць цярплівым. Хто не мае досведу хрысціянскага запалу, не ўмее быць гарачым, самае большае, чаго можа дасягнуць, гэта талерантнасць”, - лічыць Пантыфік.

Трэйлер дзясятай серыі праграмы “Ave Maria”

Францішак нагадаў таксама, што Касцёл – гэта Нявеста Хрыста. “Ёсць пэўны працэнт “мацярынства” Касцёла, які паходзіць ад “мацярынства” Марыі; ласкавасць Касцёла, якая паходзіць ад ласкавасці Марыі”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Праграма “Ave Maria” рыхтуецца тэлеканалам Канферэнцыі Біскупаў Італіі, у супрацоўніцтве з ватыканскай Дыкастэрыяй па камунікацыі. Раней Францішак прымаў удзел у тэлепраекце “Padre Nostro” (Ойча наш), у якім ён тлумачыў значэнне гэтай малітвы.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 снежня 2018, 13:20