Пошук

Папамабіль, які Францішак выкарыстоўваў у Калумбіі Папамабіль, які Францішак выкарыстоўваў у Калумбіі 

СДМ-2019: “калумбійскі папамабіль” для Францішка

Падчас Сусветных дзён моладзі ў Панаме Францішак будзе перамяшчацца на “калумбійскім папамабілі”. Гэта “Chevrolet Traverse”, які быў зроблены на спецыяльную замову для падарожжа Папы ў Калумбію.

26 снежня 2018 г. Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Калумбіі перадала аўтамабіль у карыстанне Біскупскай канферэнцыі Панамы і кіраўніцтву гэтай краіны.

Згодна з афіцыйнай праграмай візіту Святога Айца ў Панаму, за некалькі дзён свайго прабывання там Францішак правядзе шэраг сустрэч з прадстаўнікамі ўладаў краіны, дыпламатычнага корпусу і грамадзянскай супольнасці, з біскупамі Цэнтральнай Амерыкі, з кансэкраванымі асобамі і прадстаўнікамі касцёльных рухаў свецкіх.

Пантыфік узначаліць цэлебрацыю некалькіх Эўхарыстычных набажэнстваў і Крыжовага шляху з удзелам моладзі. Таксама ён наведае мясцовую Вышэйшую духоўную семінарыю і прытулак для бедных “Дом добрага самараніна”.

Нагадаем, што XXXIV Сусветныя дні моладзі (СДМ-2019) пройдуць з 22-27 студзеня 2019 г. у Панаме. Іх дэвізам стануць словы Марыі: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38). Перад цэнтральнымі падзеямі, з 17 па 21 студзеня, у Панаме, Коста Рыцы і Нікарагуа пройдуць так званыя “дні ў дыяцэзіях”.

Арганізатары форуму чакаюць прыбыцця ў Панаму каля 300 тыс. чалавек з 155 краін свету. Вернікі будуць прыязджаць у Панаму ў суправаджэнні сваіх святароў і біскупаў. У маштабным хрысціянскім форуме возьме ўдзел і дэлегацыя моладзі з Беларусі.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 снежня 2018, 12:05