Пошук

Папа ля мабільнага пункту Службы грамадзянскай абароны Папа ля мабільнага пункту Службы грамадзянскай абароны  

Францішак: грамадзянская бяспека патрабуе салідарнасці

Сістэма грамадзянскай абароны арганізавана на аснове прынцыпу субсідыярнасці, і гэтая адметнасць магла б натхняць іншыя сферы грамадскага жыцця, перакананы папа Францішак.

22 снежня 2018 г. Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў італьянскай Нацыянальнай службы грамадзянскай абароны і шэрагу валанцёрскіх арганізацый, падчас якой высока ацаніў іх сумесную працу – “форму грамадскай салідарнасці ў справе аховы індывідуальнай і калектыўнай бяспекі”.

Карыстаючыся нагодай, Папа заахвоціў сваіх гасцей напярэдадні радасных святаў Божага Нараджэння ў думках і малітвах узгадаць людзей, якія ў гэтым годзе сталі ахвярамі тых ці іншых бедстваў, а таксама выратавальнікаў, якія аддалі ўласнае жыццё, ратуючы жыццё іншых.

Па словах Святога Айца, самай важнай місіяй службы грамадзянскай абароны з’яўляецца адукацыйная, бо “абарона чалавечага жыцця і ахова тэрыторый і інфраструктуры не ажыццяўляюцца выключна ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі, але асабліва ў дзейнасці па прагназаванні і папярэджанні такіх сітуацый”.

Рэпартаж з Залы Паўла VI

Спаслаўшыся на сваю Энцыкліку “Laudato si’”, Францішак нагадаў, што “экалагічную культуру нельга зводзіць да серыі выпадковых і аднабаковых адказаў на праблемы, якія ўзнікаюць у сувязі з дэградацыяй навакольнага асяроддзя, вычарпаннем натуральных рэсурсаў і забруджваннем”; выкарыстанне выключна тэхнічных сродкаў вырашэння такіх праблем азначае “ўкрыванне сапраўдных і глыбокіх праблем сусветнай сістэмы”.

“Надзвычай карыснымі” назваў Святы Айцец ініцыятывы, якія ажыццяўляюцца ў школах “з дзецьмі і падлеткамі, што стануць грамадзянамі і валанцёрамі заўтрашняга дня”. “Моладзі я заўсёды кажу імкнуцца любіць і берагчы прыроду, распаўсюджваць каштоўнасць сумеснага жыцця, каб дзякуючы штодзённым высілкам кожнай асобы ўсе маглі жыць у больш салідарным і, адпаведна, больш бяспечным свеце”, - заўважыў Пантыфік.

“Сістэма грамадзянскай абароны арганізавана на аснове прынцыпу субсідыярнасці, і гэтая адметнасць магла б натхняць іншыя сферы грамадскага жыцця. Здольнасць без прамаруджвання збірацца за сталом, каб узгадніць і ажыццявіць эфектыўныя меры, пераўзыходзячы індывідуалізм на карысць агульнай мэты, можа стаць найбольш прыдатным метадам адказу на патрэбы насельніцтва ў перспектыве ўсеагульнага дабра”, - заключыў Святы Айцец.\

Навіна ў фармаце аўдыё
22 снежня 2018, 12:52