Пошук

Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Францішак: малітва “Ойча наш” смелая і поўная даверу

Пан заклікае маліцца да Яго, не гледзячы на нашы сарамлівасць і страх, падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі 12 снежня 2018 г. Францішак працягнуў цыкл катэхез пра малітву “Ойча наш”.

“Езус укладае ў вусны сваіх вучняў малітву кароткую, але смелую, якая складаецца з сямі просьбаў – гэта лічба не выпадковая ў Бібліі, яна азначае паўнату. Я сказаў смелую, таму што, калі б яе не прапанаваў Езус, напэўна ніхто з нас – і нават з самыя славутыя тэолагі, – не асмеліўся б маліцца да Бога такім чынам”, - заўважыў Святы Айцец.

Францішак зазначыў, што ў малітве “Ойча наш” няма прадмовы. Езус не вучыць нас формулам, але заклікае маліцца да Бога, “ламаючы ўсе бар’еры сарамлівасці і страху”. Ён не кажа звяртацца да Яго “Усемагутны”, “Найвышэйшы”, ужываць іншыя тытулы, але проста “Ойча”, што выражае блізкасць і сыноўскі давер, адзначыў Папа.

Малітва “Ойча наш” заснаваная на рэчаіснасці чалавека. “Напрыклад, у ёй скіроўваецца просьба аб хлебе, хлебе штодзённым: гэта просьба простая, але вельмі важная, якая пацвярджае, што вера – гэта не “дэкаратыўная”, адарваная ад жыцця справа, якая ўзнікае калі ўсе іншыя патрэбы задаволены”, - звярнуў увагу Пантыфік.

“[Малітва – вучыць Езус, – не пачынаецца ў жыцці чалавека, пасля таго, як ён напоўніў страўнік: яна ўзнікае там, дзе ёсць чалавек, любы чалавек, які адчувае голад, які плача, які змагаецца, які пакутуе і пытаецца “чаму”]”

, - сказаў Святы Айцец.

“У пэўным сэнсе нашай першая малітвай быў наш першы крык, які суправаджаў першы ўдых. У гэтым плачы нованароджанага быў абвешчаны лёс усяго нашага жыцця: наш пастаянны голад, наша пастаянная смага, наш пошук шчасця”, - дадаў ён.

Паводле Папы, Езус не хоча зрабіць чалавека неадчувальным, не хоча, каб мы адмовіліся ад пытанняў і просьбаў і навучыліся зносіць усё. Замест гэтага, Ён жадае, каб кожная пакута і трывога скіроўваліся да Неба і станавіліся дыялогам. “Мець веру – значыць прызвычаіцца заклікаць”, - дадаў ён.

Рэпартаж з Залы Паўла VI

Святы Айцец узгадаў гісторыю евангельскага Бартымея, сляпога чалавека, які прасіў міласціну ля брам Ерыхона. Вакол яго было шмат людзей, якія загадвалі яму не турбаваць Езуса сваімі “надакучлівымі просьбамі”. Але ён не слухаў іх і крычаў яшчэ мацней, бо “са святой упартасцю” хацеў, каб яго “мізэрны стан мог нарэшце сустрэцца з Езусам”.

“Езус вярнуў яму зрок і сказаў: “Вера твая ўратавала цябе”, амаль тлумачачы, што вызначальнай для яго аздараўлення стала гэта малітва, гэтыя словы, якія ён пракрычаў з верай, што было мацнейшым за “здаровы сэнс” многіх людзей, якія хацелі, каб ён змоўк”, - заўважыў Святы Айцец.

“[Малітва не толькі папярэднічае збаўленню, але, пэўным чынам, ужо яго ўтрымлівае, бо вызваляе ад адчаю, уласцівага тым, хто не верыць ў выйсце з шматлікіх нязносных сітуацый]”

, - дадаў ён.

Папа падкрэсліў, што вернікі адчуваюць таксама патрэбу ў праслаўленні Бога, а першыя хрысціяне нават дадавалі да малітвы “Ойча наш” даксалогію: “Бо Твая моц і хвала навекі”.

“Але ніхто з нас не павінен прытрымлівацца тэорыі, якую хтосьці вынайшаў у мінулым, што, нібыта, малітва просьбы з’яўляецца формай слабой веры, а самае сапраўднае – гэта чыстае праслаўленне, пошук Бога без абцяжарання Яго нашымі просьбамі. Гэта не праўда! Малітва просьбы – сапраўдная. Яна спантанная! Гэта акт веры ў Бога, Які з’яўляецца Айцом, добрым і ўсемагутным. Гэта акты веры ў тое, што з’яўляюся малым, грэшнікам, знаходжуся ў патрэбе. Таму малітва, у якой просім штосьці, вельмі высакародная”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што Бог мае бясконцую спагаду да людзей і хоча, каб Яго дзеці размаўлялі з Ім без страху. “Таму мы можам распавесці Яму пра ўсё, нават пра тое, што ў нашым жыцці застаецца скажоным і незразумелым. І Ён паабяцаў нам, што будзе з намі заўсёды, аж да апошняга дня, які правядзём на гэтай зямлі”, - дадаў Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 снежня 2018, 11:36