Пошук

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа на “Анёл Панскі”: “Вось я” Марыі – гэта лек ад эгаізму

Выконваць Божую волю, як рабіла гэта Багародзіца, заклікаў Францішак 8 снежня 2018 г. у сваёй медытацыі да малітвы “Анёл Панскі”, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Прапануем поўны тэкст разважання Пантыфіка:

“Слова Божае дае нам сёння пэўную альтэрнатыву. У першым чытанні мы знаходзім чалавека, які ў пачатку часоў кажа Богу “не”. У Евангеллі мы маем Марыю, якая падчас Звеставання сказала Богу “так”. У абодвух чытаннях прысутнічае Бог, які шукае чалавека. Але ў першым выпадку Ён ідзе да Адама і пытаецца ў яго пасля граху: “Дзе ты?” (Быц 3, 9), а той адказвае: “Я схаваўся” (Быц 3, 10). У другім выпадку Ён прыходзіць да вызваленай ад граху Марыі, якая адказвае: “Вось я, слуга Пана” (Лк 1, 38). Гэта супрацьлегласць словам: “Я схаваўся”. “Вось я” адкрывае да Бога, а грэх зачыняе, ізалюе, пакідае ў самоце.

“[“Вось я” – гэта ключавое слова. Вызначае пераход ад жыцця гарызантальнага, арыентаванага на сябе і свае ўласныя патрэбы, да жыцця вертыкальнага, якое ўздымаецца да Бога.]”

“Вось я”, азначае гатоўнасць у адносінах да Бога. Гэта лек ад эгаізму, проціяддзе ад нерэалізаванага жыцця, якому заўсёды нечага не хапае. “Вось я”, з’яўляецца лекам супраць старэння граху, гэта тэрапія, каб заставацца духоўна маладым. “Вось я”, з’яўляецца перакананнем, што Бог больш важны, чым маё “я”. Гэта пастанова, паставіць на Пана, гатоўнасць вучыцца на Яго нечаканасцях. Таму, кажучы яму: “Вось я”, сведчым найвялікшае праслаўленне, якое толькі можам Яму прапанаваць. Чаму мы не пачынаем так нашы дні? Цудоўна сказаць кожную раніцу: “Вось я, Пане, няхай сёння споўніцца ў ва мне Твая воля”. Мы скажам гэта ў малітве “Анёл Панскі”, але можам зрабіць гэта ўжо цяпер разам: “Вось я, Пане, няхай сёння споўніцца ў ва мне Твая воля”.

Марыя дадае: “Няхай мне станецца паводле твайго слова”. Не кажа: “Няхай будзе па-мойму”, але “па-Твойму”. Яна не ставіць перад Богам мяжы. Не думае: “Ахвярую сябе Яму толькі крыху, зраблю гэта хутка, а тады буду рабіць тое, што хочацца мне”. Не, Марыя любіць Пана не толькі тады, калі ёй гэта падыходзіць, часам. Яна жыве давяраючы Богу ва ўсім і ва ўсіх адносінах. Гэта таямніца жыцця. Усё можа той, хто давярае Богу ва ўсім. Але Пан, дарагія браты і сёстры, пакутуе, калі мы рэагуем так, як Адам: “спалохаўся... і схаваўся”.

“[Бог з’яўляецца Айцом, найбольш адчувальным з усіх, і хоча даверу з боку сваіх дзяцей.]”

Як часта мы ставімся да Яго з падазронасцю, лічым, што можа спаслаць на нас цяжкасці, пазбавіць нас свабоды, пакінуць нас. Але гэта вялікі падман, спакуса пачатку часоў, спакуса д’ябла: паддавацца недаверу да Бога. Марыя пераадольвае гэту першасную спакусу словамі “Вось я, слуга Пана”. І сёння мы глядзім на прыгажосць Маці Божай, якая нарадзілася і жыла без граху, заўсёды паслухмянай і празрыстай у адносінах да Бога.

Гэта зусім не азначае, што жыццё для яе было лёгкім. Прабыванне з Богам не вырашае праблем чароўным чынам. Аб гэтым нагадваюць заключныя словы сённяшняга Евангелля: “І адышоў ад Яе анёл” (Лк 1, 38). “Адышоў” – гэта моцнае слова. Анёл пакінуў Дзеву адну ў складанай сітуацыі. Яна ведала, што цалкам асаблівым чынам стане Маці Бога. Анёл растлумачыў ёй гэта. Але не патлумачыў гэтага іншым, толькі ёй. А праблемы пачаліся адразу ж: падумаем аб яе нерэгулярным становішчы паводле закону, аб пакутах св. Юзафа, расстроеных жыццёвых планах, людской рэакцыі... Але Марыя сутыкаецца з праблемамі ў даверы да Бога. Пакінутая Анёлам, яна верыць, што застаўся з ёй, у ёй, Бог. І давярае. Упэўнена, што з Панам, нават нечаканым чынам, усё пойдзе добра. Вось мудрае стаўленне: не жыць у залежнасці ад праблем, - бо калі скончыцца адна, з’явіцца іншая! - але давяраць Богу, давяраць сябе Яму кожны дзень: Вось я! – так гучыць гэта слова. Вось я ! – так гучыць гэта малітва. Будзем прасіць у Беззаганнай ласку жыць так”, - сказаў Папа.

Завяршаючы сустрэчу, Францішак прывітаў вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра, і папрасіў іх аб малітве.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра
Навіна ў фармаце аўдыё
08 снежня 2018, 14:31