Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Пантыфік да ватыканскіх супрацоўнікаў: не баяцца святасці

Не баяцца святасці, бо яна з’яўляецца шляхам да радасці, падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з супрацоўнікамі ватыканскіх структур і членамі іх сем’яў. Перадсвяточная аўдыенцыя адбылася 21 снежня 2018 г.

“Божае Нараджэнне – гэта радаснае свята, але часта мы заўважаем, што людзі, і, магчыма, мы самі, мітусімся з-за розных спраў і напрыканцы застаёмся без радасці, або з радасцю, але павярхоўнай”, - заўважыў Папа. Ён працытаваў словы французскага пісьменніка Леона Блуа: “ёсць толькі адзін смутак – не быць святым”. “Такім чынам, адваротнае смутку – радасць, звязана з быццём святымі. У тымі ліку радасць Божага Нараджэння”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў паглядзець на святочныя яслі і ўбачыць, што Марыя і Юзаф напоўнены радасцю: яны шчаслівыя глядзяць на Дзіцятка Езуса, бо пасля тысяч турбот з вялікай верай і вялікай любоўю прынялі Божы Дар.

“[Яны перапоўнены святасцю, а значыць і радасцю. Вы мне скажаце: ну, вядома, гэта ж Маці Божая і св. Юзаф! Так, але не варта думаць, што для іх гэта было лёгка: святымі не нараджаюцца, а становяцца, і гэта тычыцца таксама іх]”

, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік зазначыў, што поўнымі радасці былі таксама пастухі, якія адгукнуліся на заклік анёла і прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Хрысту. Ён заўважыў, што часта ў яслях можна ўбачыць фігурку якога-небудзь маладога пастушка, які глядзіць на Езуса з вялікімі здзіўленнем і радасцю. “Гэта рыса святасці: захоўваць здольнасць здзіўляцца, захапляцца Божымі дарамі, Яго “сюрпрызамі”, а самы вялікі дар, заўсёды новы сюрпрыз – гэта Езус”, - дадаў Францішак.

Спасылаючыся на італьянскую традыцыю размяшчаць у святочныя яслі статуэткі шаўцоў, ваданосаў, кавалёў, пекараў і прадстаўнікоў іншых рамёстваў, Папа падкрэсліў, што прысутнасць Езуса, асвячае кожны від працы.

“І гэта прымушае нас падумаць таксама пра нашу працу. Натуральна, што праца заўсёды складаецца з цяжкасцей, гэта нармальна. (...) Але, калі кожны хаця б крыху будзе адлюстроўваць святасць Езуса, тады будзе дастаткова няшмат, маленькага праменьчыка – ўсмешкі, увагі, паслугі, просьбы аб прабачэнні, – каб усё працоўнае асяроддзе стала больш “свежым”, ці не так? Тады рассеецца цяжкая атмасфера, якую мы часам ствараем сваім самаўладствам, закрытасцю, забабонамі, і тады працаваць становіцца лепш і эфектыўней”, - заўважыў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што і ў працоўным асяроддзі бывае “святасць па суседству”. “Таксама і тут, у Ватыкане, я магу гэта засведчыць”, - сказаў Папа.

“[Гэта ўжо маё шостае Божае Нараджэнне ў якасці Біскупа Рыма, і павінен сказаць, што я сустрэў розных святых, якія працуюць тут. Звычайна, гэта людзі, якія не вылучаюцца, людзі простыя, сціплыя, але якія добра працуюць і маюць добрыя адносіны з іншымі.]”

, - дадаў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, гэтыя людзі радасныя не таму што часта смяюцца, але па прычыне таго, што носяць унутры сябе вялікі спакой і ўмеюць перадаваць яго іншым. “Але адкуль паходзіць гэты спакой? – Заўсёды ад Яго, Езуса, Эмануэля, Бога-з-намі. Гэта Ён крыніца нашай радасці, як асабістай, так і ў сям’і, і на працы”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў ватыканскіх супрацоўнікаў быць святымі і шчаслівымі. “Будзьце святымі з цела і касцей, са сваім характарам, сваімі недахопамі, нават сваімі грахамі, (...) але гатовымі “заразіцца” прысутнасцю Езуса, гатовымі прыняць Яго, як пастушкі, каб убачыць гэту Падзею, гэты неверагодны Знак, які Бог нам даў”, - заклікаў Святы Айцец.

Рэпартаж з аўдыенцыі для ватыканскіх супрацоўнікаў
Навіна ў фармаце аўдыё
21 снежня 2018, 13:10