Папа: Любоў і сёння хоча стаць целам і быць сярод нас
Прапануем поўны тэкст разважання Папы:
“Літургія Чацвёртай Нядзелі Адвэнту падкрэслівае постаць Марыі, Дзевы-Маці, якая чакае нараджэння Езуса, Збаўцы свету. Мы кіруем нашы вочы на тую, што з’яўляецца прыкладам веры і любові. І мы можам задаць сабе пытанне: якія былі яе думкі на працягу некалькіх месяцаў чакання? Адказ прыходзіць з сённяшняга ўрыўка Евангелля, які апісвае візіт Марыі да яе старэйшай сваячкі Альжбеты (Лк 1, 39-45). Анёл Габрыэль сказаў ёй, што Альжбета, у сваім сталым узросце, чакае дзіця, і ўжо знаходзіцца на шостым месяцы (Лк 1, 26.36). І тады Дзева, якая зачала Езуса праз дзеянне Бога, паспяшыла з Назарэта ў Галілею, каб дабрацца да гор Юдэі і сустрэць сваю стрыечную сястру.
Евангелле кажа: “І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету” (Лк 1, 40). Вядома, яна павітала яе і павіншавала з мацярынствам, як, у сваю чаргу, Альжбета прывітала Марыю, кажучы: “Благаславёная Ты між жанчынамі, і благаславёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?” (Лк 1, 42-43). І тут жа пахваліла яе веру: “Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам” (Лк 1, 45).
Гэта падзея дапамагае нам чытаць у адмысловым святле таямніцу сустрэчы чалавека з Богам. Гэта сустрэча, якая адбываецца не ў духу дзіўных цудаў, але, хутчэй, у духу веры і любові. Марыя сапраўды благаславёная, таму што паверыла: сустрэча з Богам з’яўляецца плёнам веры. А Захарыя, які сумняваўся і не верыў, застаўся глухім і нямым, каб расці ў веры на працягу доўгага маўчання. Без веры мы непазбежна застаёмся глухімі да суцяшальнага голасу Бога; мы не ў стане казаць словы суцяшэння і надзеі нашым братам. Мы назіраем гэта кожны дзень: чалавек няверуючы, або з вельмі малой верай, не мае ніякай сілы, калі павінен наблізіцца да асобы, якая пакутуе, і кажа ёй выпадковыя словы, але не можа падняць, таму што не мае сілы. Не мае сілы, паколькі не хапае веры, а калі няма веры, не прыходзяць словы, здольныя дасягнуць сэрца чалавека. З іншага боку, вера корміцца любоўю. Евангеліст кажа нам, што “Марыя паспяшыла” (Лк 1, 39) да Альжбеты; не трывожылася, не баялася, а паспяшыла ў спакоі. “Паспяшыла” – гэта жэст клопату пра старэйшую сваячку. Яна магла б застацца дома, каб падрыхтавацца да нараджэння свайго сына. У той жа час, яна паклапацілася больш пра іншых, чым пра сябе, паказваючы на справе, што з’яўляецца вучаніцай Пана, Якога носіць ва ўлонні.
Евангелле адведзін Альжбеты Марыяй, якое мы пачулі сёння падчас св. Імшы, рыхтуе нас да добрага святкавання Божага Нараджэння, кажучы пра дынамізм веры і любові. Гэты дынамізм з’яўляецца працай Святога Духа, Духа Любові, Які апладніў улонне Марыі, і Які мабілізаваў яе пайсці для служэння сваёй старэйшай сваячцы. Гэта дынаміка поўная радасці, як можна ўбачыць па сустрэчы двух маці, што з’яўляецца гімнам радаснага зачаравання ў Пану, Які робіць вялікія справы з малымі, што давяраюць яму.
Няхай Дзева Марыя выпрасіць нам ласку звернутага вонкі, але не рассеянага святкавання Божага Нараджэння: няхай у цэнтры стаіць не наша “я”, але “ты” Езуса і “ты” братоў, асабліва тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. Тады мы пакінем прастору для Любові, якая і сёння хоча стаць целам і знаходзіцца сярод нас”, - сказаў Пантыфік.
Завяршаючы сваю нядзельную сустрэчу, Францішак папрасіў сабраных на плошчы св. Пятра аб малітве.